Рэканструкцыя пункта пропуску "Грыгораўшчына" завершыцца да 2015 года

Рэканструяваны аўтадарожны пункт пропуску "Грыгораўшчына", які размешчаны ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці на мяжы з Латвіяй, будзе ўведзены ў эксплуатацыю да 2015 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Віцебскай мытні.

"Галоўным вынікам рэканструкцыі стане павелічэнне пропускной здольнасці пункта пропуску з 270 да 600 аўтамабіляў у суткі, адпаведна зменшыцца і час перасячэння мяжы. Цяпер на аб'екце завяршаюцца аздабленчыя работы, вядзецца добраўпарадкаванне і пусканаладачныя работы па газа- і электразабеспячэнні", - адзначылі ў мытні.

Комплекснай праграмай развіцця інфраструктуры аўтадарожных пунктаў пропуску на Дзяржаўнай мяжы Беларусі на 2011-2015 гады ў "Грыгораўшчыне" прадугледжана ўзвядзенне адміністрацыйнага будынка для ўсіх кантрольных службаў, укараненне сучасных сістэм кантролю, стварэнне дадатковых палос для афармлення транспартных сродкаў, будаўніцтва памяшканняў для паглыбленага дагляду аўтамабіляў.

Акрамя гэтага, па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства "Латвія-Літва-Беларусь" у "Грыгораўшчыне" падыходзіць да завяршэння яшчэ адзін праект - будаўніцтва стацыянарнага рэнтгенаўскага інспекцыйна-даглядного комплексу з прымяненнем тэхналогіі неінтразіўнага дагляду пры праходжанні мяжы. "Увод у эксплуатацыю ўсяго комплексу аўтадарожнага пункта пропуску "Грыгораўшчына", які будзе адпавядаць самым строгім еўрапейскім стандартам, запланаваны ў бягучым годзе", - падкрэслілі ў мытні.

У ходзе праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі 20 спецыялістаў Віцебскай мытні прынялі ўдзел у навучальных курсах і 10 прайшлі стажыроўку ў пунктах пропуску на латвійска-расійскай і латвійска-беларускай мяжы, у тым ліку і на інспекцыйна-даглядных комплексах.

На беларуска-латвійскай мяжы ў зоне дзейнасці Віцебскай мытні будаўніча-мантажныя работы вядуцца таксама ў міжнародным аўтадарожным пункце пропуску "Урбаны" у Браслаўскім раёне. У працэсе рэканструкцыі прадугледжана ўвесці ў эксплуатацыю чатыры пускавых комплексы.

У структуру Віцебскай мытні ўваходзяць Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Наваполацкі і Аршанскі мытныя пасты. Гэта адзіная мытня ў Беларусі, зона дзейнасці якой мяжуе з трыма краінамі - Расіяй, Латвіяй і Літвой.

Алена Ціханава