Рэканструкцыя пункта пропуску "Грыгораўшчына" завершыцца ў IV квартале

Реконструкция пункта пропуска "Григоровщина" завершится в IV квартале

Рэканструкцыя міжнароднага аўтадарожнага пункта пропуску "Грыгораўшчына" завершыцца ў чацвёртым квартале бягучага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко.

Пункт пропуску "Грыгораўшчына" знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне на мяжы з Латвіяй. Яго рэканструкцыя ўключае развіццё інфраструктуры, будаўніцтва новых адміністрацыйных будынкаў для ўсіх кантрольных службаў, увядзенне сучасных сістэм кантролю, стварэнне дадатковых палос для афармлення транспартных сродкаў, узвядзенне памяшканняў для паглыбленага дагляду транспартных сродкаў. "Такім чынам, у пункце пропуску ў поўнай меры будзе створана інфраструктура, якая адпавядае міжнародным патрабаванням ва ўмовах развіцця функцыянавання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы", - адзначыў Дзяніс Глебко, падкрэсліўшы, што галоўным вынікам рэканструкцыі стане павелічэнне прапускной здольнасці пункта пропуску з 270 у цяперашні час да 1 тыс. аўтамабіляў у суткі, з іх - 400 грузавых, 580 легкавых машын і 20 аўтобусаў. Адпаведна, зменшыцца і час перасячэння мяжы.

Работа па рэканструкцыі аб'екта вядзецца ў рамках Комплекснай праграмы развіцця інфраструктуры аўтадарожных пунктаў пропуску на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў ад 8 лютага 2011 года №152. У кастрычніку 2012 года ўведзена ў строй першая чарга пункта пропуску "Грыгораўшчына" - для руху грузавых аўтамабіляў адкрыліся дзве паласы на выезд і адна паласа на ўезд, а таксама па адной паласе ў абодвух напрамках для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.