Рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў Віцебску: на будоўлі працуюць каля 160 работнікаў, задзейнічана 20 адзінак тэхнікі
Рэканструяваць вуліцу Гагарына ў абласным цэнтры пачалі ў 2005 годзе. Праз два гады першыя дзве чаргі абноўленага ўчастка былі ўведзены ў эксплуатацыю, але частка дарогі засталася ў ранейшым выглядзе. Яе пачалі прыводзіць у парадак у ліпені. Цяпер тут укладзена больш за 600 м асфальту, ідзе добраўпарадкаванне: усталёўваюцца апоры для ліхтароў, ствараюцца дарожкі для пешаходаў, укладваецца плітка. У канцы кастрычніка на гэты ўчастак дарогі перанакіруюць транспарт - прыкладна ад ААТ "Кераміка" ў бок выезду з горада.




Усяго будаўнікам трэба ўкласці дарогу ў 3 км. У лістападзе па адным баку гарадской артэрыі плануецца зрабіць палову гэтай адлегласці.
На будаўнічай пляцоўцы працуюць каля 160 работнікаў, задзейнічана 20 адзінак тэхнікі. "Самае важнае і глабальнае тут - гэта падземныя камунікацыі. Пасля іх абследавання высветлілася, што каля 80% сетак непрыдатныя для эксплуатацыі. Некаторыя камунікацыі ўжо перакідвалі на новыя лініі, не ствараючы нязручнасцей для мясцовых жыхароў. Спецыялісты працавалі суткамі, выканалі каласальную працу", - адзначыў Дзмітрый Духно. У будучыні ўся дажджавая вада з вуліцы будзе праходзіць праз тры ачышчальныя збудаванні, устаноўленыя пад новай дарогай, і скідацца ў раку Віцьбу.


Галоўны інжынер дадаў, што абноўленая вуліца стане вышэй, чым раней. Гэта абумоўлена патрабаваннямі бяспекі руху.
Папярэдні кошт рэканструкцыі вуліцы - Br39 млн. Завяршыць работы плануецца да ліпеня 2021 года.