Рэканструкцыя Ушацкага агароднінасушыльнага завода завершыцца ў снежні
20 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэканструкцыя Ушацкага агароднінасушыльнага завода завершыцца да канца года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Алена Русак.
Маштабны праект, накіраваны на перакідку завода з выпуску пладаагароднінных кансерваў і сушаных агародніны і садавіны на вытворчасць безалкагольных напояў і мінеральнай вады, рэалізуецца з 2009 года. З Br5,2 млрд. інвестыцый, запланаваных на гэтыя мэты, асвоена ўжо Br3,4 млрд. За кошт гэтых сродкаў набыта новая тэхналагічная лінія айчыннай вытворчасці магутнасцю 3 тыс. бутэлек у гадзіну, якая дазваляе разліваць прадукцыю ў ПЭТ-бутэлькі ёмістасцю ад 0,33 л да 2 л. Магчымасці дзеючага абсталявання разлічаны на выпуск 500 бутэлек у гадзіну і толькі ў тару аб'ёмам 1,5 л.
Цяпер на вытворчых плошчах, у бытавых і падсобных памяшканнях прадпрыемства завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы. Ужо на бягучым тыдні ў былым крухмальным цэху плануецца прыступіць да мантажу новай лініі. Яе ўвод у эксплуатацыю намечаны на канец лістапада - пачатак снежня. На абсталяванні будуць выпускацца 16 відаў безалкагольных напояў і мінеральная вада. Для забеспячэння збыту прадукцыі прадпрыемства рыхтуецца да ўкаранення сістэмы менеджменту якасці ІСА 9001 і праходжання сертыфікацыі на адпаведнасць стандартам якасці Расійскай Федэрацыі.
Прадпрыемства заснавана ў 1954 годзе. Сярэдне-спісачная колькасць работнікаў - 53 чалавекі. Рэканструкцыя завода дазволіць павялічыць іх колькасць на 10 чалавек.-0-