Рэканструкцыя Віцебскага абласнога анкадыспансера коштам Br19 млрд. завершыцца да ліпеня 2011 года

1 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер пасля рэканструкцыі павінен стаць спецыялізаваным навукова-практычным цэнтрам, дзе будуць створаны аптымальныя ўмовы як для аказання эфектыўнай дапамогі пацыентам, так і для арганізацыі навуковай працы і навучальнага працэсу. Такі заданне паставіў сёння старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання аб'екта, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах галоўнага ўрача анкадыспансера Анжалікі Томчынай, у бягучым годзе пасля двухгадовай кансервацыі адноўлены работы па рэканструкцыі хірургічнага корпуса дыспансера. Будынак быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1978 годзе, і ўмовы знаходжання пацыентаў у корпусе не адпавядалі патрабаванням, якія прад'яўляюцца да падобнага роду ўстаноў. Агульны кошт праекта складае Br19 млрд., з якіх каля Br6,5 млрд. будзе асвоена да канца 2010 года. Фінансаванне ажыццяўляецца са сродкаў мясцовага бюджэту. Пасля завяршэння рэканструкцыі ў будынку размесціцца стацыянар на 120 ложкаў, будуць створаны аперацыйна-рэанімацыйны блок, клініка-дыягнастычная лабараторыя, рэнтген-кабінет, кабінет УГД-дыягностыкі, дзённы стацыянар на 25 ложкаў. Акрамя таго, у асобным крыле будынка атрымае прапіску кафедра анкалогіі Віцебскага медуніверсітэта. Завяршыць работы плануецца да ліпеня 2011 года. Акрамя таго, на аснашчэнне корпуса і набыццё медыцынскага абсталявання з мясцовага бюджэту плануецца вылучыць каля Br3,3 млрд. Аляксандр Косінец упэўнены, што гэтая ўстанова па сваім патэнцыяле ўжо перарасла функцыі дыспансера і пасля рэканструкцыі павінна ўзяць на сябе выкананне задач спецыялізаванага цэнтра, на базе якога будзе праводзіцца навуковая праца і арганізаваны навучальны працэс. "Сёння для нас найбольш актуальным з'яўляецца пытанне ранняга выяўлення анказахворванняў, для чаго неабходна ўкараняць і прымяняць самыя сучасныя тэхналогіі", - падкрэсліў кіраўнік вобласці. І ў цэлым абласная ахова здароўя павінна сфарміраваць дакладную і эфектыўную сістэму прафілактыкі захворванняў, дыспансерызацыі насельніцтва і ўжо затым вырашаць пытанні аказання спецыялізаванай дапамогі, дадаў ён. Віцебскі абласны анкалагічны дыспансер штогод праводзіць звыш 6 тыс. вялікіх аперацый. Штодня ў дзённым стацыянары атрымліваюць спецыялізаваную дапамогу каля 450 пацыентаў, яшчэ не менш за 500 чалавек звяртаюцца па дапамогу ў паліклініку дыспансера. Па словах Анжалікі Томчынай, у 2010 годзе на дыспансерным уліку па нагоды анказахворванняў знаходзяцца каля 30 тыс. жыхароў вобласці, іх колькасць павялічылася з пачатку года на 1,5 тыс. чалавек.-0-