Рэканструкцыя Віцебскай біяфабрыкі можа акупіцца за паўтара года - С.Сідорскі

30 чэрвеня, Віцебскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інвестыцыйны праект па рэканструкцыі Віцебскай біяфабрыкі можа акупіцца за 1,5 года, а само прадпрыемства можа стаць экспартаарыентаваным. Аб гэтым сёння журналістам заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі пасля наведвання прадпрыемства і азнаямлення з ходам яго рэканструкцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Рэканструкцыя фабрыкі пачалася ў 2006 годзе. З гэтага часу было інвеставана звыш Br190 млрд. Па папярэдніх разліках тэрмін акупнасці праекта складаў каля 5 гадоў, аднак, на думку прэм'ер-міністра, асваенне сучасных тэхналогій і нарошчванне аб'ёму вытворчасці могуць скараціць тэрміны акупнасці і максімальна хутка забяспечыць ветэрынарную бяспеку дзяржавы і наросціць экспарт ветпрэпаратаў. На працягу 2-3 месяцаў прадпрыемству трэба выйсці на праектную магутнасць і да кастрычніка бягучага года пачаць серыйную вытворчасць складаных біяпрэпаратаў. "Мы стварылі сучаснае прадпрыемства, гэта будзе магутная фабрыка, дзе будуць вырабляцца субстанцыі і штамы - асноўны матэрыял для біяпрэпаратаў, якія запатрабаваны для ўнутранай вытворчасці і могуць рэалізоўвацца за мяжой", - сказаў Сяргей Сідорскі. Найбліжэйшай задачай прадпрыемства з'яўляецца атрыманне сертыфіката GMP. Прэм'ер-міністр не выключыў, што ў перспектыве на Віцебскай біяфабрыцы змогуць выпускацца біяпрэпараты для лячэння людзей. Сяргей Сідорскі станоўча ацаніў працу па рэканструкцыі біяфабрыкі, аднак адзначыў, што існуюць праблемы з наладкай нямецкага і польскага абсталявання, пастаўленага з дзяржаў ЕС. Ён таксама адзначыў, што за гэтыя гады Нацыянальнай акадэміяй навук для навуковай падтрымкі Віцебскай біяфабрыкі быў мадыфікаваны Інстытут мікрабіялогіі, які стаў адной з вядучых навуковых устаноў краіны. Фабрыка заснавана ў 1930 годзе і спецыялізуецца на ветэрынарных лячэбна-дыягнастычных прэпаратах для жывёлагадоўлі. За студзень-май бягучага года аб'ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў Br6 млрд., што на 26% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тэмп росту аб'ёмаў новай прадукцыі ў студзені-маі склаў 217,6% і ацэньваецца ў Br1,5 млрд. Аб'ём адгружанай прадукцыі ў фактычных цэнах за пяць месяцаў дасягнуў Br5 млрд., гэта на 28% вышэй за аналагічныя паказчыкі мінулага года. Прадпрыемства экспартуе прадукцыю ў Азербайджан, Турцыю, Казахстан.-0-