Рэканструкцыю вяселля канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў убачаць у Дубровне 24 кастрычніка

Реконструкцию свадьбы конца ХIХ - начала ХХ веков увидят в Дубровно 24 октября

Рэканструкцыю вяселля канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў можна будзе ўбачыць на рэгіянальным аглядзе-конкурсе Віцебскай вобласці "Вялікая вясельніца" ў Дубровне 24 кастрычніка. Пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава.

"Вялікая вясельніца" ўжо трэці раз збярэ ў Дубровне даследчыкаў беларускіх народных традыцый, звычаяў і абрадаў з раёнаў вобласці, а таксама сталіцы. Вясельнае свята праходзіць у райцэнтры раз на тры гады, папярэднія адбыліся ў 2009 і 2012 гадах. У праграме цяперашняга свята – агляд-конкурс вясельных абрадаў, выстава вясельных атрыбутаў, фотавыстава з сямейных альбомаў і дэманстрацыя вясельных убораў. Галоўнай і самай яркай падзеяй "Вялікай вясельніцы" абяцае стаць рэканструкцыя вяселля.

"Гэта будзе абласная вяселле мяжы ХIХ-ХХ стагоддзяў. У нас нявеста – з Дубровны, жаніх – з Гарадка, сваты – з Ліёзна, таму на свяце будуць дэманстравацца элементы вясельных абрадаў гэтых трох раёнаў Віцебшчыны. Збіраць нявесту да вянца, праводзіць выкуп будзем па дубровенскай традыцыі, а вось сустрэча бацькамі жаніха і нявесты дома пройдзе ўжо так, як гэта было прынята ў Гарадку. У вяселле таксама будуць уплецены яркія элементы абрадавай традыцыі Ліёзненскага раёна. Акрамя гэтага па шляху з царквы да дома прадэманструем абрад, які ў нас называецца "драць зайца", ён яшчэ вядомы як "рагатка". Перагарадзіўшы маладым дарогу да дома, жыхары населенага пункта патрабавалі выкуп. На Дубровеншчыне гэта дзеянне суправаджалася песнямі, і госці свята пачуюць некаторыя з іх", – адзначыла Людміла Дударава.

На традыцыйным беларускім вяселлі не абысціся без каравая. Для рэканструкцыі рытуальную страву спякуць па старадаўнім рэцэпце, які захаваўся ў вёсцы Ляды Дубровенскага раёна. Гэты каравай традыцыйна ўпрыгожваўся яблыневымі ветачкамі, абмакнутымі ў цеста, на якіх замацоўваліся рознакаляровыя стужачкі і прысмакі.

"Убачыць абрад дзялення каравая, паназіраць за "брэхняй" гасцей, а таксама пакаштаваць вясельныя "прысмакі" змогуць толькі тыя госці, якія будуць адпавядаць эпосе - апрануцца так, як гэта было прынята ў раёнах Віцебшчыны больш за 100 гадоў таму. Так што нашы госці цяпер шукаюць або заказваюць у народных майстроў такія дэталі беларускага касцюма, як андарак і хустка. Адпавядаць дрэс-коду будуць і самі маладыя. Напрыклад, па вяночку нявесты ў Дубровенскім раёне можна было вызначыць, з якой яна сям'і (поўнай ці няпоўнай, заможнай ці беднай). У нас ёсць такі вяночак, знойдзены ў адной з экспедыцый, але апрануць на галаву нявесты музейны экспанат было б няправільна. Таму майстры зрабілі такі ж вяночак, іншыя элементы касцюма таксама адноўлены па фрагментах, знойдзеных у этнаграфічных экспедыцыях", - адзначыла суразмоўніца.

Адчуць атмасферу традыцыйнага беларускага вяселля сучаснікам дапамогуць народныя фальклорныя калектывы "Кудзеліца" (Дубровенскі раён) і "Глейна" (Гарадоцкі раён). Пасля вяселля гасцей і ўдзельнікаў свята чакаюць у раённым Доме культуры, дзе будзе арганізавана фотавыстава з сямейных альбомаў, адбудзецца дэманстрацыя вясельных убораў, а таксама абрадаў, гульняў і танцаў.

Арганізатары мерапрыемства - Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, Дубровенскі, Гарадоцкі і Лёзненскі райвыканкамы.

Алена Ціханава, БЕЛТА.