Рэкорд перавышэння цаны продажу над пачатковай цаной устаноўлены на аўкцыёне ў Віцебску
29 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебску на аўкцыёне па продажы невыкарыстоўваных аб'ектаў нерухомасці цана продажу лота перавысіла пачатковую ў 348 разоў. Рэкорд перавышэння цаны (у 311 разоў), які пратрымаўся роўна 2 гады, сёння быў пабіты, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў абласнога тэрытарыяльнага фонду "Віцебскаблмаёмасць" Ларыса Шчаглова.
На таргі выстаўляліся адным лотам 23 будынкі і збудаванні, у тым ліку танцавальная пляцоўка і лазня з купальняй былога аздараўленчага лагера "Арляня" ў Віцебскім раёне, а таксама права 50-гадовай арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 3,5 га. Новым рэкардсменам стаў расійскі інвестар, які прапанаваў за лот звыш Br875 млн пры пачатковай цане ў Br2,5 млн. Перамога была дасягнута ў напружанай барацьбе: да нерухомасці праявілі цікавасць 8 удзельнікаў, канкурэнты саступілі толькі на 56-м кроку аўкцыёніста.
Па словах прадстаўніка расійскай кампаніі, новы ўласнік плануе стварыць на базе "Арляня" турысцка-спартыўны комплекс.
Усяго з пачатку года фонд "Віцебскаблмаёмасць" падчас аўкцыёнаў рэалізаваў больш за 200 невыкарыстоўваных аб'ектаў нерухомасці на суму звыш Br5,3 млрд, у тым ліку 151 аб'ект быў прададзены на таргах з устанаўленнем пачатковай цаны ў адну базавую велічыню. -0-