Рэкордную колькасць шахматыстаў розных краін сабраў Міжнародны шахматны фестываль у Воршы
Дванаццаты год запар Міжнародны шахматны фестываль збірае ў Оршы ўдзельнікаў з розных краін свету. Сёлета месцам яго правядзення быў абраны новы спартыўна-забаўляльны комплекс «Лядовая арэна». Рэкордным стала колькасць шахматыстаў – каля 400 аматараў і прафесіяналаў з Расіі, Беларусі, Эстоніі, Украіны, Малдовы, Туркменістана і Азербайджана.
Арганізатарамі і спонсарамі маштабнага мерапрыемства, роўнага якому пакуль няма ў краіне, выступілі Прэзідэнцкі спартыўны клуб Рэспублікі Беларусь, Аршанскі райвыканкам, ПП «Сіла току», ААТ «Фабі», Клуб тэніса (Мінск), ТПП «Арцель-люкс», ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і «Экамол».
Нехта прыехаў у Оршу паспрабаваць сілы, выпрабаваць уменні і навыкі, нехта – павысіць сваё майстэрства, а нехта – зарабіць дадатковы рэйтынг. Як, напрыклад, гросмайстры Раіса Эйдэльсон з Віцебска і Міхаіл Іваноў з Расіі. А тое, што такі від спорту, як шахматы, не мае ўзроставых межаў, пацвярджае ўдзел у турнірах і зусім юных спартсменаў, і пажылых людзей. Цікавыя партыі паказалі на фестывалі 5-гадовы Ілья Аглоблін з Бранска і 77-гадовы жыхар Андрэеўшчыны Аршанскага раёна Рычард Чарлёнак.
20 майстроў і кандыдатаў у майстры спорту з шахматных федэрацый Беларусі, Расіі, Азербайджана – такім быў сёлета склад судзейскай калегіі. Сістэма правядзення турніраў – швейцарская.
Анатоль Лебедзеў, суддзя міжнароднай і ўсерасійскай катэгорый, арбітр ФІДЭ і галоўны суддзя фестывалю адзначыў, што ўзровень арганізацыі і правядзення мерапрыемства высокі.
– Мы не ўпершыню прыязджаем у Оршу і прывозім шахматыстаў з Расіі, – кажа Анатоль Барысавіч. – Сёння гэта прадстаўнікі больш чым 40 гарадоў – лічы, палова ўдзельнікаў турніру, які з кожным годам набірае абароты. Шахматы – не толькі від спорту, але і магчымасць сяброўскіх зносін, новых уражанняў. Дэвіз Міжнароднай шахматнай федэрацыі:
«Мы ўсе адна сям'я». Куды б ты ні паехаў, у цябе ўсюды ёсць сябры, якія дапамогуць і падтрымаюць.Спаборнічалі спартсмены ў асабістым і камандным заліку на працягу 7 дзён. 26 студзеня былі падведзены вынікі і названы наймацнейшыя. На 1-е месца па выніках каманднага першынства выйшлі гаспадары – бясспрэчнымі лідарамі сталі аршанцы. Мінскія спартсмены заслужылі ганаровае 2-е месца. Трэцюю прыступку п'едэстала занялі госці са Смаленска. Кубкі, медалі, дыпломы і каштоўныя падарункі ад арганізатараў і спонсараў фестывалю атрымалі таксама пераможцы і прызёры ў асабістых заліках.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"