Рэкордны ўзровень вышыні снежнага покрыва зафіксаваны ў Віцебску
15 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шчодрыя снежныя ападкі, што выпалі за мінулыя выхадныя дні, спрыялі ўстанаўленню ў Віцебску новага рэкорду вышыні снежнага покрыва за ўсе гады метэаназірання. Сёння ён склаў 52 см, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Папярэдні рэкорд (51 см) у абласным цэнтры быў зафіксаваны 15 лютага 1985 года. Між тым самая снежная зіма была ў 2004 годзе, калі ўсяго за студзень і люты выпала 207 мм ападкаў.
У Дзень усіх закаханых па вобласці выпала ад 7 мм да 13 мм ападкаў, што адпавядае 70-120% дэкаднай нормы. Усяго за мінулыя тры дні ападкі склалі 10-23 мм, або амаль дзве дэкадныя нормы. Пры гэтым іх найбольшая колькасць прыпала на Полацк і Віцебск, а найменшая - на Оршу.
Як адзначыў генеральны дырэктар РУП "Віцебскаўтадар" Адам Канапліч, складаныя ўмовы надвор'я не сталі нечаканасцю для работнікаў дарожнай службы. Людзі і тэхніка працавалі кругласутачна ў штатным рэжыме. Усяго на дарогах было задзейнічана 170 снегаачышчальнікаў і каля 100 пясчанасолеразмяшчальнікаў. Задаволены стан дарог і павышаная ўвага кіроўцаў спрыялі таму, што мінулыя выхадныя абышліся ў Віцебскай вобласці без ДТЗ, дадаў кіраўнік.-0-