Рэкорды рэзьбы па дрэве, фестываль барабаншчыц і турнір бытавых танцаў. Чым яшчэ здзівіць Віцебск у дні «Славянскага базару»
Як распавяла яго дырэктар Кацярына Лабука, сёлета Горад майстроў аб'яднаецца з падворкамі раёнаў Віцебшчыны і абласцей Беларусі – і ў выніку атрымаюцца самабытныя дзяржавы на фестывальным кантыненце. Уваход у кожную аформяць у выглядзе аркі, якая сімвалізуе браму, за якімі чакае знаёмства з брэндамі рэгіёнаў, народнымі майстрамі і мастацкай самадзейнасцю. Такая форма была апрабавана ў 2016-м і спадабалася ўдзельнікам і гасцям форуму.
– Кожны год мы надаём асаблівую ўвагу пэўнаму рамяству, сёлета гэта будзе разьба па дрэве. На працягу двух дзён пройдзе міжнародны конкурс «Дрэва жыцця», у якім возьмуць удзел народныя майстры з Расіі, Украіны, Латвіі, усіх рэгіёнаў Беларусі, – растлумачыла Кацярына Лабука.
Дарэчы, латышы збіраюцца выразаць на «Славянскім базары» 8-метровую лыжку, якая папоўніць спіс пачатай летась Кнігі рэкордаў фестывалю.
Упершыню пройдзе міжнародны фестываль-конкурс мажарэтак і барабаншчыц. У мастацтве маршыраваць пад дроб барабана будуць спаборнічаць прадстаўнікі Віцебшчыны, Расіі і Эстоніі.
Усе нашыя калектывы грунтоўна рыхтаваліся да конкурсу, шылі маляўнічыя касцюмы, займаліся на майстар-класах. Так што чакаецца, што яны пакажуць вышэйшы пілатаж, а галоўнае створаць святочны настрой.
Зрэлішчным абяцае быць і турнір бытавых танцаў, які праводзіцца ў 4-ы раз, але раней ён быў у Браславе. Цяпер жа больш за 70 танцавальных пар пакажуць 15 ліпеня свае ўменні на плошчы Свабоды ў Віцебску. Тут жа 16 ліпеня пройдзе свята-конкурс тэатраў мод «Модны дывертысмент».
Таццяна Пастэрнак. Фота Дзмітрыя Восіпава. "Віцебскія весці".