Рэкрэацыйная зона з сажалкамі, міні-стадыёнам і вяровачным паркам з'явіцца ў Браславе

Рэкрэацыйная зона з інфраструктурнымі аб'ектамі для адпачынку гараджан з'явіцца ў Браславе, паведаміў намеснік старшыні па пытаннях будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Браслаўскага райвыканкама Андрэй Давыдзенка.

Рэкрэацыйная зона з інфраструктурнымі аб'ектамі для адпачынку гараджан з'явіцца ў Браславе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні па пытаннях будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Браслаўскага райвыканкама Андрэй Давыдзенка.

Паляпшэнне тэхнічных магчымасцей зялёных зон у рэкрэацыйных мэтах выбрана адным з чатырох вядучых напрамкаў Мясцовага экалагічнага плана дзеянняў па праграме STREAM, які быў прыняты на пасяджэнні райвыканкама і Савета дэпутатаў яшчэ ў лістападзе 2014 года. "Цэлы год мы вывучалі грамадскае меркаванне, праводзілі анкетаванне, па выніках якога выбралі асноўныя напрамкі дзеяння, а таксама падалі заяўку ў Рэгіянальны экалагічны цэнтр Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і да канца года атрымалі праз яго фінансаванне нашага праекта "Планіраванне развіцця і падтрымання зялёных тэрыторый у горадзе Браславе". Усе 50,6 тыс. еўра, выдзеленыя еўрапейскімі спонсарамі, пойдуць на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі будучай рэкрэацыйнай зоны", - растлумачыў Андрэй Давыдзенка.

Цяпер пустуючая тэрыторыя амаль у 20 га ў райцэнтры ператворыцца ў культурна-паркавы комплекс з ландшафтнымі кампазіцыямі, сістэмай штучных сажалак і праток, вадаёмам, які ў зімовы час стане каткам пад адкрытым небам. З'явяцца дзіцячыя пляцоўкі, міні-стадыён, вяровачны парк, грамадскія прыбіральні. "Паміж зонай прамысловых прадпрыемстваў і жылой забудовай вырасце маленькі дыснейленд з усёй спадарожнай інфраструктурай. Нядаўна ў райвыканкаме адбылася сустрэча з дызайнерамі і мастакамі-праекціроўшчыкамі, якія ўнеслі свае прапановы па знешнім абліччы рэкрэацыйнай зоны. Калі будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя (арыенціровачна ў сакавіку 2015 года) мы прадставім дызайн-праект і план маючых адбыцца мерапрыемстваў на грамадскае абмеркаванне", - дадаў Андрэй Давыдзенка.

Стварэнне такой зоны стане сапраўдным прарывам для Браслава, у якім да гэтага часу не было паўнавартаснага парку з магчымасцю адпачынку і забавамі. Для рэалізацыі праекта будуць задзейнічаны ўсе магчымыя сілы і сродкі: прадугледжваецца ўклад мясцовай ЖКГ, іншых прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтва (у выглядзе суботнікаў), удзел у іншых праектах, якія фінансуюцца еўрапейскімі донарамі.

Мясцовыя планы экалагічных дзеянняў (МПЭД) распрацоўваліся ў Беларусі з верасня 2013 года дзякуючы праграме STREAM - "Узмацненне мясцовага экалагічнага планавання і экалагічнай грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь і Малдове". Яна рэалізуецца Рэгіянальным экалагічным цэнтрам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (РЭЦ) і фінансуецца Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA). На аснове конкурсных заявак у кампанент праграмы STREAM па паляпшэнні экалагічнага планавання ўключаны 10 раёнаў па ўсёй краіне, у тым ліку Браслаўскі, Глыбоцкі, Полацкі і Чашніцкі ў Віцебскай вобласці. Выніковая фаза прадугледжвае распрацоўку і рэалізацыю інвестыцыйнага экалагічнага праекта ў кожным раёне. Адміністрацыйна-тэхнічная падтрымка і кіраванне кампанентам МПЭД у Беларусі даручаны Мясцоваму фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя".

Кацярына Князева