Рэктар ВДМУ Анатоль Шчасны – пра асаблівасці другой хвалі каранавіруснай інфекцыі ў Віцебскай вобласці

Для хворых на пнеўманіі і COVID‑19 у медустановах Віцебскай вобласці прадугледжана 1,4 тысячы ложкаў. З патокам пацыентаў, а захворванне тут выйшла на паказчык 90 працэнтаў ад вясновага піку, покуль спраўляюцца. Разам з тым акцэнт — на амбулаторна‑паліклінічную працу, каб захаваць ложкавы фонд для цяжкіх хворых. Пра асаблівасці другой хвалі каронавіруснай інфекцыі ў вобласці наша гутарка з кіраўніком рэгіянальнага штаба па супрацьдзеянні распаўсюджванню COVID‑19, рэктарам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатолем Шчасным. 

— Анатоль Тадэушавіч, у чым спецыфіка восеньскай хвалі каронавіруса ў вобласці?

— Пры першай хвалі пандэміі асноўным ачагом інфекцыі стаў сам абласны цэнтр. Цяпер адзначаецца раўнамернасць захворвання па рэгіёне. У адрозненне ад вясны, калі вірус застаў увесь свет знянацку, мы гатовыя да напружанай эпідсітуацыі. Засвоіўшы ўрокі першай хвалі, маем магчымасць засяродзіцца не на арганізацыйных, а больш на медыцынскіх пытаннях. І магу запэўніць: сродкаў індывідуальнай абароны, лекаў, кіслароду дастаткова.

Асноўны ўпор робім на ўмацаванне і працу амбулаторна‑паліклінічнага звяна. Каб не перагружаць стацыянар, пацыентаў, у якіх каронавірусная інфекцыя працякае без пнеўманіі ці зусім без клінічных праяўленняў, лечым амбулаторна, на даму. Пры гэтым забяспечаны дакладны кантроль за іх станам, пры найменшым пагаршэнні разглядаецца магчымасць шпіталізацыі. 

— Не сакрэт, што львіная доля поспеху пры барацьбе з COVID‑19 у руках пісьменных медыцынскіх кадраў…

— Шчырыя словы падзякі ўсім нашым медработникам, сапраўдным прафесіяналам, якія застаюцца на перадавой. На дапамогу старэйшым калегам прыходзяць студэнты-медыкі. Яшчэ вясной каля 200 рабят з Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта былі накіраваны ў медустановы рэгіёна. Ня так даўно да іх далучыліся студэнцкія мед­атрады, якія дзейнічаюць у Полацку, Наваполацку і Оршы. Каля 40 студэнтаў таксама працуюць у кол‑цэнтарах, яны абтэлефаноўваюць кантакты першага ўзроўню, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. У паліклініках Віцебска створаны дадатковыя стаўкі для надомнага наведвання такіх пацыентаў старэйшымі курсамі ВДМУ. Ёсць і рэзерв са студэнтаў-медыкаў (прыкладна 190 чалавек), якія гатовы падставіць плячо ў гэты няпросты для аховы здароўя перыяд. 

— Ці ёсць у Віцебскай вобласці свае новаўвядзенні ў супрацьстаянні вірусу? 

— З падачы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама ў рэгіёне запрацаваў спецыяльны мабільны дадатак. Тэхналогіі, якія цяпер выкарыстоўваюць нашы студэнты, дазваляюць адсочваць самаадчуванне каранавірусных пацыентаў і кантактаў першага ўзроўню. Па сутнасці, гэты дадатак — мабільная анкета, запоўненая пры наведванні хворага і ўлічваючая ўсё: тэмпературу цела, сатурацыю кіслароду ў крыві… 

Выходзіць, увесь парадак вядзення пацыента на амбулаторным этапе як на далоні. Даныя апрацоўваюцца і аператыўна накіроўваюцца ў каардынацыйны цэнтр паліклінікі. Заўважны плюс у тым, што так можна ствараць базу літаральна па кожным хворым, адсочваючы і прагназуючы клінічную карціну. 

— Якія ўстановы аховы здароўя сёння перапрафіляваны? 

— З лістапада для аказання дапамогі цяжарным і пацыенткам гінекалагічнага профілю з інфекцыяй COVID‑19 у новым рэжыме запрацаваў Віцебскі абласны клінічны радзільны дом. Нядаўна пачаў прымаць хворых з каранавіруснай інфекцыяй і хірургічны корпус абласнога анкадыспансера на 150 ложкаў. Для рэабілітацыі выдзелены месцы ў шпіталі «Юрцава» ў Аршанскім раёне. Выздараўляючых пацыентаў з Віцебска і суседніх рэгіёнаў гатовы далячыць на базе цэнтра медыцынскай рэабілітацыі воінаў‑інтэрнацыяналістаў і цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. Пад гэтыя мэты таксама задзейнічаюць аддзяленне рэабілітацыі «Жалезнякі» Віцебскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра.

— І адно з самых жываважных пытанняў: калі магчымы выхад на плато?

— Даваць канкрэтныя прагнозы рана. Папярэдне на плато, калі колькасць новых заражаных застаецца аднолькавай на працягу працяглага перыяду, спадзяёмся выйсці да сярэдзіны снежня. Пры гэтым важна памятаць, што ход захворвання залежыць не толькі ад намаганняў медыкаў, але ў першую чаргу ад адказнасці кожнага чалавека, настроенасці грамадства супрацьстаяць інфекцыі.

Перамагчы вірус дапаможа не татальны каранцін, а высокая самадысцыпліна і дыстанцыяванне.

"СБ". Фота з архіва БЕЛТА.