Рэктар Віцебскага медуніверсітэта ўзнагароджаны міжнародным ордэнам "Крылатага льва"

12 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валерый Дзякало ўзнагароджаны міжнародным ордэнам "Крылатага льва" за заслугі ў адраджэнні Айчыны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узнагарода заснавана Міжнароднай лігай развіцця навукі, адукацыі, культуры і спорту, у якую ўваходзяць прадстаўнікі больш як 50 дзяржаў. Уручаючы рэктару ВНУ ордэн сёння ў Віцебску, прэзідэнт грамадскай арганізацыі-заснавальніка ўзнагароды Анатоль Яжоў адзначыў, што такім чынам міжнародныя эксперты арганізацыі вырашылі адзначыць заслугі віцебскага ВНУ і персанальна Валерыя Дзякалу як яго кіраўніка. Па словах Анатоля Яжова, перш за ўсё размова ідзе аб заслугах і дасягненнях Валерыя Дзякалы і ўзначаленага ім калектыву ў развіцці медыцынскай і педагагічнай навук, у справе выхавання маладога пакалення, у грамадскай і міжнароднай дзейнасці.

"Галоўнае, што дае валоданне такім ордэнам, - гэта прэстыж і маральнае задавальненне ад усведамлення таго факту, што твае намаганні і праца ацэнены па вартасці", - упэўнены Анатоль Яжоў. Сярод узнагароджаных ордэнам "Крылатага льва" прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, у тым ліку экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, вучоны-эканаміст Мікалай Петракоў, рэктары БДПУ і БДУІР, а ў бліжэйшы час заснавальнікі ордэна маюць намер адзначыць "Крылатым львом" заслугі трохразовага алімпійскага чэмпіёна, знакамітага беларускага барца Аляксандра Мядзведзя.

Валерый Дзякало падзякаваў міжнародную арганізацыю за высокую ацэнку працы ўсяго калектыву медуніверсітэта і выказаў надзею, што гэтая ўзнагарода будзе спрыяць умацаванню супрацоўніцтва з калегамі з іншых краін і ў выніку развіццю і прасоўванню наперад віцебскага медуніверсітэта.-0-