Рэльеф старажытнага Віцебска набывае больш выразныя абрысы намаганнямі археолагаў
22 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вынікі археалагічных даследаванняў Віцебска за апошнія 10 гадоў дазволілі ў значнай ступені ўдакладніць гістарычны рэльеф мясцовасці старажытнага горада. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Ляўко, якая займаецца раскопкамі ў абласным цэнтры з 1976 года.
У апошнія гады асноўнай формай даследавання Віцебска стала археалагічнае назіранне. Гісторыкі прывязаны да будаўнічых работ, якія разгорнуты ў абласным цэнтры. Спецыялісты старанна адсочваюць земляныя работы, пры неабходнасці спыняюць тэхніку, робяць зачысткі і фіксуюць выяўленыя матэрыялы. Сучасны рэльеф Віцебска не зусім дакладна адлюстроўвае гістарычную сітуацыю, якая склалася некалькі стагоддзяў таму, і маштабныя будаўнічыя работы дазваляюць убачыць шырэй гістарычную перспектыву, падкрэсліла Вольга Ляўко.
Так, пры рэканструкцыі моста ім. Кірава ў цэнтры горада археолагам удалося выявіць на беразе Заходняй Дзвіны фрагменты каменнай сцяны замка Альгерда. Гэтыя фрагменты выдатна ўвязваюцца з выяўленымі ў 1977 годзе ўчасткамі замкавай сцяны і дазваляюць больш выразна вызначыць контур старажытнага збудавання.
Таксама спецыялісты назіралі за будаўніцтвам у раёне Летняга амфітэатра і ўзвядзеннем бізнес-цэнтра "Марка-сіці", якія вядуцца ў руслe старажытнага замкавага ручая. Гэта дало магчымасць удакладніць месца праходжання рэчышча ў старажытнасці. На глыбіні 7-9 м былі знойдзены рэшткі пабудоў канца XVIII стагоддзя. "Гэта азначае, што цяперашняя лагчына не з'яўляецца гістарычным рэчышчам ручая, старажытны рэльеф гэтай часткі горада выглядаў зусім інакш", - сказала Вольга Ляўко. Акрамя таго, археолагі выявілі ў лагчыне рэшткі храма Раства Багародзіцы, які пазначаны на планах горада канца XVIII стагоддзя, а недалёка ад рэчышча (паварот на вул. Калініна) знойдзены элементы Васкрэсенскай Заручэўскай царквы і некалькі пахаванняў.
Яшчэ адна знаходка - фрагменты драўляных клецяў - дазволілі ўстанавіць дакладнае месца сцяны Узгорскага астрога ў цэнтры горада на беразе Віцьбы. "Мы зрабілі спілы і перадалі іх у Інстытут батанікі НАН, які сёння стварае дэндралагічную шкалу старажытных беларускіх гарадоў", - дадала Вольга Ляўко.-0-