Рамонт бальніцы, мадэрнізацыя музея, камп'ютарны клас школе. Уладзімір Церанцьеў наведаў Расонскі раён

Ремонт больницы, модернизация музея, компьютерный класс школе. Владимир Терентьев посетил Россонский район
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Уладзімір Цярэнцьеў з’яўляецца даволі частым госцем на россонскай зямлі. Пры яго непасрэдным удзеле і падтрымцы праходзілі рэканструкцыя і адкрыццё некалькіх значных сацыяльных аб’ектаў. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны прыехаў абмеркаваць шэраг пытанняў, якія тычацца далейшага развіцця рэгіёну, а таксама ўручыць падарункі. Разам з Уладзімірам Цярэнцьевым Россоншчыну наведалі дэпутатка Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, адначасова старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

            

Перш за ўсё разам са старшынёй Расонскага раённага Савета дэпутатаў Генадзем Фёдаравым, кіраўніком раёна Уладзімірам Быкавым і яго намеснікамі госці накіраваліся ў цэнтральную раённую бальніцу. Таму ёсць некалькі прычын.

►Напачатку, у сувязі з пандэміяй каранавіруса ўстановы аховы здароўя нашай краіны знаходзяцца пад пільнай увагай прадстаўнікоў органаў улады ўсіх узроўняў.

►Па-другое, узнікла праблема, якая мае прамое дачыненне да тэхнічнага стану будынка бальніцы. І праблему гэту райвыканкам з прычыны меркаваных значных матэрыяльных затрат не ў стане вырашыць самастойна.

Апошнія дзесяць гадоў вобласць укладвала значныя сродкі ў рамонт і мадэрнізацыю Расонскай бальніцы. Але ў мінулым годзе абазначылася чарговая праблема – стаў разбурацца фундамент пад адным з будынкаў.


– Мяне цікавіць, што ўжо зроблена для вырашэння дадзенага пытання і якую дапамогу можа аказаць вобласць, – пацікавіўся Уладзімір Церанцьеў.


Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Марчанка далажыў, што на сённяшні дзень праблемны будынак абследаваны спецыялістамі і складзены рэкамендацыі. Наступным этапам павінны стаць распрацоўка праекта і самі работы. Прыблізная цана пытання – ад 300 да 500 тысяч рублёў.


Для дэталёвага абмеркавання канкрэтных крокаў Уладзімір Церанцьеў даў паўтары тыдні. Праз дзесяць дзён пройдзе новая нарада, але ўжо ў пашыраным складзе, дзе і будуць вызначаны аб'ёмы работ і магчымыя крыніцы фінансавання. Ён папрасіў, каб кіраўніцтва райвыканкама падрыхтавала свае прапановы па аптымізацыі структурных падраздзяленняў ЦРБ.   


Знайшоўся час і для прыемнага моманту – Галіна Жаланава ўручыла галоўнаму ўрачу ЦРБ Аляксандру Мамасю дзве тысячы аднаразовых масак. 
– Наша арганізацыя знайшла магчымасць аказаць россонскім медыкам дапамогу ў выглядзе індывідуальных сродкаў абароны, – адзначыла Галіна Пятроўна. – Я выдатна ведаю, наколькі сур'ёзна пацярпеў раён падчас другой хвалі каранавіруса. Спадзяюся, што гэтыя маскі вам спатрэбяцца. Калі ж ёсць патрэба, напрыклад, у ахоўных касцюмах, бахілах, шапачках, мы таксама гатовыя іх прадаставіць.  

У музеі баявой садружнасці Уладзімір Церанцьеў азнаёміўся з вынікамі першага этапу мадэрнізацыі будынка і застаўся задаволены ўбачаным. 
– Я рады, што нам удалося яго захаваць. Але трэба рухацца далей. За два гады на аб'екце было асвоена больш за 730 тысяч рублёў. На 2021 год запланавана 300 тысяч. Для завяршэння работ неабходна яшчэ каля 870 тысяч. Сума, безумоўна, значная. Каб паскорыць работы, пастараемся знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання, – падкрэсліў кіраўнік Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.    

Гасцей сустракалі і ў доме сямейнага тыпу Ганны і Анатоля Котавых у аграгарадку Клясціцы. Нагода – прыемная. Яшчэ да Новага года дзеці напісалі свае жаданні, а, як вядома, калі верыць у цуды, то яны здараюцца. Менавіта так і адбылося. 

 У гэтым доме ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі акружаны любоўю, увагай і клопатам, ды і забяспечаны ўсім неабходным. Ганна і Анатоль выхоўваюць шасцярых прыёмных дзяцей, самы малодшы – двухгадовы Данііл – у дружнай сям'і з'явіўся мінулым летам. 


Прыход гасцей Даніка ніколькі не збянтэжыў. Ён першым атрымаў падарунак – машыну, на якой можна катацца самому, і важна сказаў у адказ: «Дзякуй!» Уладзімір Церанцьеў яго тут жа пасадзіў у новенькі аўтамабіль. Даніла, ужо асвоіўшы машыну, стаў разглядаць, што ж атрымаюць у падарунак яго родныя. А гэта наборы для творчасці для сястрычак – пятнаццацігадовай Дашы і адзінаццацігадовай Юлі, бесправадныя навушнікі і музычныя калонкі для трынаццацігадовых Ігара і Руслана, новенькі ровар для васьмігадовага Андрэя.


– З вялікай павагай мы ставімся да такіх бацькоў, якія змаглі акружыць любоўю дзяцей і займаюцца сапраўды высакароднай справай, – адзначыла Галіна Жаланава. – У рамках дабрачыннай кампаніі «Ёлка жаданняў» яшчэ ў 14 расонскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з прыёмных і апекунскіх сем'яў і дзяцей з дамоў сямейнага тыпу ў бліжэйшыя дні збудуцца мары.

Пасля сумеснай фатаграфіі госці пагутарылі з дзецьмі, пацікавіліся іх поспехамі. Так, трынаццацігадовы Руслан марыць стаць электрыкам, паколькі захапляецца фізікай. На вольным часе слухае сучасную музыку, таму захацеў у падарунак навушнікі і калонку. Пятнаццацігадовай Дашы падабаецца займацца рукадзеллем. Вышыўка – адно з любімых яе заняткаў.

  
– Дружная, маладая і крэатыўная сям'я Котавых – сапраўдны гонар раёна, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў. – Радуе, што на шляху дзяцей з дзіцячых дамоў сустракаюцца людзі, якія дораць ім любоў, саграваюць цёплым словам, прысвячаюць ім сваё жыццё. Ён пажадаў дзецям моцных ведаў, прылежных паводзін, слухацца бацькоў і расці добрымі людзьмі.

 

 Яшчэ адным выдатным падарункам для навучэнцаў напярэдадні дня нараджэння Пятра Машэрава, чыё імя носіць Расонская школа, стаў камп'ютарны клас. Сертыфікат на 12 камп'ютараў Уладзімір Церанцьеў уручыў дырэктару школы Алене Марозавай.
Ён выказаў надзею, што падарунак будзе карысным і патрэбным. Рабяты авалодаюць самай сучаснай тэхнікай. Таксама народны выбраннік адзначыў, што знаёмства з Расонскай школай у яго адбылося ў 2012 годзе. І праз столькі гадоў прыемна бачыць, што школа пераўтварылася і развіваецца. 


У перспектыве – новыя пераўтварэнні: па лініі банка рэканструкцыі і развіцця абласное ўпраўленне выдзеліла грошы на мадэрнізацыю ўстановы адукацыі. Дэпутат падкрэсліў, што Расонская школа не саступае абласным і нават сталічным. Умовы для атрымання адукацыі ёсць, у далейшым усё залежыць ад саміх рабят.


– Цяпер, будучы добрым спецыялістам па IT-тэхналогіях, не трэба жыць у Мінску, можна сядзець на беразе возера ў Расонах, дыхаць экалагічна чыстым паветрам і зарабляць добрыя грошы. А на выхадныя выязджаць у Пскоў, Каўнас. Галоўнае – добра вучыцца, – падсумаваў ён. 


–Наша ўстанова адукацыі стараецца ісці ў нагу з часам. Новы камп'ютарны клас – гэта новыя магчымасці, новыя гарызонты. У школе ёсць пяць мультыбордаў, мабільны клас, лінгафонны кабінет. Педагогі выкарыстоўваюць у рабоце новыя навучальныя праграмы, – адзначыла Алена Марозава. 
Безумоўна, падарунак ацаніла і настаўніца інфарматыкі Алена Гірэль.

– 13 сучасных, зручных, хуткіх у рабоце, з магутнымі вінчэстэрамі і 24-цалевымі экранамі, а да таго ж яшчэ і бясшумных камп'ютараў – гэта добрае набыццё. 

Зараз Алена Гірэль займаецца з чацвёртакласнікамі на факультатыве творчай дзейнасці ў асяроддзі праграмавання «Scratch». Курс распрацаваў парк высокіх тэхналогій. Дзеці ствараюць творчыя праекты, анімаваныя гісторыі, віктарыны, трэнажоры. 

У цэлым Уладзімір Церанцьеў адзначыў выніковасць паездкі ў Расонскі раён. 

"Голас Расоншчыны".