З якімі пытаннямі звярнуліся жыхары Віцебскай вобласці да Сяргея Ляўковіча падчас прыёму грамадзян?
Кола тэм, якія закранулі жыхары рэгіёну, было дастаткова шырокім. Гэта рамонт дамоў, добраўпарадкаванне тэрыторый, нязгода з ушчыльненнем жылых кварталаў, уборка смецця і многае іншае. Усё, як падкрэсліў Сяргей Ляўковіч, патрабуе павышанай увагі, а некаторыя – прыняцця тэрміновых мер, у прыватнасці, у выпадках працякання даху. Як у доме на вуліцы Школьнай у Лёзне. Яго жыхары, якія прыехалі на прыём, расказалі, што ім даўно абяцалі зрабіць капітальны рамонт, які пастаянна адкладаецца. А праблемы ўскладняюцца. У кватэрах сыра, утвараецца цвіль, мэбля прыходзіць у непрыдатнасць. Памочнік Прэзідэнта даручыў узяць гэтую сітуацыю на кантроль, а дах адрамантаваць да зімы. На пачатку наступнага года людзям паабяцалі выканаць астатнія работы па капітальным рамонце.
Адразу некалькі праблем закрануў жыхар дома на вуліцы Церашковай у Віцебску. Галоўная – працяканне каналізацыі, з якой ніяк не могуць справіцца на працягу доўгага часу. Сутарэнне пастаянна залівае. Гарадскія ўлады паабяцалі ў бліжэйшы час зрабіць гідрадынамічную прамыўку, а калі гэта не спрацуе, прыняць іншыя меры.
Турбуе жыхароў дома і смецце каля пад'ездаў, якое пакідаюць жыхары прыватнага сектара. Гэтыя факты зафіксавалі камеры відэаназірання, якія ўстаноўлены на доме. Сяргей Леўковіч даручыў камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вывучыць відэазапісы і прыцягнуць канкрэтных людзей да адміністрацыйнай адказнасці.
Скардзіўся мужчына і на захоўванне ровараў на лесвічным пралёце, на шум на прыдамавых участках у позні час. Усе пытанні зафіксаваны і ўзяты на кантроль.
Некаторыя жыхары абласнога цэнтра выказвалі нязгоду з нагоды ушчыльнення забудовы, стварэння паркавальных месцаў. Як адзначыў Сяргей Леўковіч, у дадзеным выпадку трэба прыслухоўвацца да меркавання людзей.
– У ходзе прыёму прагучалі і няпростыя пытанні, такія, як вываз невыкарыстоўваемых транспартных сродкаў. Адны людзі скардзяцца на тое, што аўтахлам займае паркавальнае месца і стварае непрывабны выгляд, іншыя – на незаконна вывезеную эвакуатарам з двара іх машыну. Мясцовым уладам аддадзена адпаведнае даручэнне, каб яны ў межах існуючага заканадаўства навялі парадак. Заканадаўчая база для гэтага ёсць, – растлумачыў памочнік Прэзідэнта.
У складаную сітуацыю трапіла жыхарка вёскі Сакарова Бешанковіцкага раёна. Жанчына па дагаворы найму больш за 20 гадоў пражывала ў доме, які, як высветлілася, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Гаспадары патрабуюць выселіцца. Сяргей Леўковіч даручыў уважліва вывучыць гэтую праблему і дапамагчы жанчыне альбо вырашыць пытанне ў судовым парадку, альбо пашукаць ёй іншае жыллё.
Усяго на асабісты прыём грамадзян да інспектара па Віцебскай вобласці запісаліся 11 чалавек. Сярод самых складаных і балючых зваротаў, як адзначыў Сяргей Леўковіч, пытанні чалавечых узаемаадносін, у прыватнасці, дзяцей і бацькоў, вяртанне дзіцяці, якога забралі з нядобранадзейнай сям'і службы апекі.
– У такіх выпадках складана прымаць рашэнне. Цешыць, што бацькі хочуць вярнуць дзяцей, але галоўнае думаць пра дзіця. Таму ў першую чаргу прыслухоўваюся да меркавання службы апекі, спецыялістаў, якія заўсёды аб'ектыўныя і клапоцяцца пра фізічнае і маральнае здароўе дзяцей, – пракаментаваў зварот жанчыны з нагоды вяртання ёй дзіцяці.