Рамонт сацыяльных аб'ектаў і будаўніцтва таўнхаўсаў. Што зменіцца ў Богушэўску ў рамках праграмы па добраўпарадкаванні гарпасёлкаў?

Ремонт социальных объектов и строительство таунхаусов. Что изменится в Богушевске в рамках программы по благоустройству горпоселков?
У 2019 годзе Багушэўск Сенненскага раёна павінен прыкметна пераўтварыцца дзякуючы рэалізацыі праграмы па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў, распрацаванай абласнымі ўладамі па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Аб найбліжэйшых перспектывах распавёў старшыня Багушэўскага сельскага выканаўчага камітэта Вячаслаў Багданаў.

– Комплексны план складаецца прыкладна з 40 пунктаў. Пры яго распрацоўцы ўлічваліся прапановы і пажаданні мясцовых жыхароў. Рэалізацыя пачалася яшчэ ў мінулым годзе з рэканструкцыі будынка старэйшых класаў Багушэўскай сярэдняй школы, калі былі заменены старыя вокны на энергазберагальныя. Рамонт ва ўстанове адукацыі працягваецца.

У цэлым абнаўленне закране аб'екты сацыяльнай сферы, вулічна-дарожнай сеткі, інжынернай інфраструктуры. У прыватнасці, запланавана мадэрнізацыя некалькіх кацельняў, выдзелены сродкі на цеплавую рэабілітацыю будынка дзіцячай школы мастацтваў, будуць адрамантаваны Дом культуры і дзіцячы сад.

Пераўтворацца стадыён і цэнтральны парк, дзе ўсталюем малыя архітэктурныя формы і дадатковыя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Спадзяемся, што памяшканне стацыянара бальніцы стане такім жа камфортным для пацыентаў і персаналу, як будынак паліклінікі, рэканструяванай у 2010 годзе.

На цэнтральных вуліцах будуць заменены агароджы. У трэцім квартале чыгуначнікі абяцаюць адрамантаваць палатно 50-метровага пераезду, які знаходзіцца ў цэнтры гарпасёлка на аўтадарозе рэспубліканскага значэння Багушэўск – Сянно – Мядзел і які мае восем шляхоў.

Старшыня Сенненскага райвыканкама Васіль Анатольевіч Чараднік ініцыяваў добраўпарадкаванне спартыўнай пляцоўкі са штучным пакрыццём і вулічнага трэнажорнага гарадка. Шукаем дадатковыя крыніцы фінансавання і спадзяемся на спонсарскую падтрымку па рамонце спортзала ў будынку малодшых класаў школы, каб у лепшых умовах займаліся як дзеці, так і дарослыя.

Не забываем і пра людзей залатога ўзросту – будынак Багушэўскага аддзялення Сенненскага ТЦСАН патрабуе рамонту даху і добраўпарадкавання тэрыторыі.

Багушэўску вельмі патрэбныя тратуары, асабліва на вуліцах, дзе размешчаны аб'екты сацыяльнай сферы. Таму пры планаванні рэканструкцыі дарожнай сеткі асаблівая ўвага нададзена пешаходным дарожкам. Распрацоўваецца праект па зацыкленні водаправоднай сеткі, каб забяспечыць усіх жыхароў гарпасёлка чыстай вадой, якая прайшла станцыю абезжалезвання. Таксама плануецца рамонт абсталявання і замена труб на асобных участках.

– Ці ўключаны ў праграму жылы фонд?

– Безумоўна. Два шматкватэрныя дамы чакае капітальны рамонт, астатнія – бягучы.

У нас каля 80 сем'яў, у тым ліку дзевяць шматдзетных, стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Гэта прыстойная лічба для Багушэўска. Нам патрэбны шматкватэрны дом. Аднак праблема ў тым, што ў гарпасёлку няма цэнтралізаванай каналізацыі, а наяўныя ачышчальныя збудаванні недастатковай магутнасці і патрабуюць рэканструкцыі. Як выйсце прапануем будаўніцтва таўнхаўсаў.

Двухузроўневыя дамы, узведзеныя індустрыяльным спосабам, маюць агульныя сцены, дах, камунікацыі. У кожнага гаспадара асобны ўваход, свая лужка і паркавальнае месца.

Але галоўная перавага ў тым, што кошт такога жылля ўладальніку абыдзецца значна ніжэй за індывідуальнае. Нядаўна мы правялі сход са шматдзетнымі сем'ямі, запрасілі спецыялістаў «Беларусбанка», якія расказалі людзям пра дзяржаўную падтрымку будаўніцтва жылля. Чатыры сем'і ўжо напісалі заявы аб згодзе. У таўнхаўсах мы б хацелі прадугледзець некалькі блокаў для рэзервовага арэнднага фонду, каб прадастаўляць яго маладым спецыялістам.

– Акрамя жылля людзям патрэбна праца.

– Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у нас невялікая. Усім жадаючым дапамагаем з працаўладкаваннем. Хочацца падзякаваць камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама за выдзяленне сродкаў на аплачваныя грамадскія работы. На гэтыя грошы мы добраўпарадкоўваем населеныя пункты сельсавета і адначасова даём магчымасць грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці, зарабіць. Паралельна падшукваем ім пастаяннае месца працаўладкавання.

Сёлета праз цэнтр занятасці нам выдзелена значная сума на рамонт агароджы на цэнтральных вуліцах Богушэўска.

З году ў год пашырае вытворчую базу дрэваапрацоўчае прадпрыемства з сербскім капіталам «Мiлкaнфoрeст». Цяпер у цёплых сучасных цэхах працуе больш за 80 чалавек, у тым ліку жанчыны. «Саўгас імя Машэрава», які ўваходзіць у Віцебскую інтэграцыйную структуру, некалькі разоў праводзіў кірмаш вакансій.

У швачках мае патрэбу КБА «Прэстыж». Актыўна развіваецца Богушэўскі лясгас. Адкрываючы гандлёвыя аб'екты, працоўныя месцы ствараюць нашы прадпрымальнікі. Патэнцыйным інвестарам мы гатовы прапанаваць невыкарыстоўваемыя аб'екты і ўсялякае садзейнічанне. Богушэўск мае зручнае геаграфічнае становішча. Ёсць рэзерв працоўных рэсурсаў – бліжэйшыя вёскі і сельсаветы.

Ад імя жыхароў гарпасёлка хачу падзякаваць кіраўніцтва аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, Сенненскага райвыканкама за падтрымку нашых пачынанняў. Усе рэалізаваныя мерапрыемствы стануць добрым падарункам да 140-годдзя нашага роднага і любімага Богушэўска.

"Віцебскія весці".