Рамонтныя працы на монуменце на плошчы Перамогі ў Віцебску ідуць на 50-метровай вышыні

5 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рамонтныя работы на мануменце ў гонар воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі ў Віцебску ідуць на 50-метровай вышыні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў. Тры 56-метровыя трапецападобныя пілоны-абеліскі, якія сталі разам з гарадской ратушай і Летнім амфітэатрам сімваламі абласнога цэнтра, падвергнуцца чыстцы, а невялікія расколіны будуць заладжаны спецыяльнымі растворамі. Рэканструкцыя аднаго з найцікавейшых мемарыяльных ансамбляў Беларусі, створанага архітэктарам Ю.Шпітам, скульптарам Я.Печкіным і У.Маркавым, працягваецца: мяняецца пакрыццё ля галоўнага манумента, рамантуюцца лесвіцы, басейны двух фантанаў, 10 пілонаў пакрываюцца гранітам, рэстаўруецца падыум-зорка. Больш за 100 рабочых працуюць на аб'екце. Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё абноўленай плошчы Перамогі ў Віцебску пройдзе 8 мая напярэдадні святкавання 65-годдзя перамогі савецкага народа над фашызмам. Плошча Перамогі ў Віцебску з'яўляецца самай вялікай у Беларусі і адной з найбуйнейшых у Еўропе, яе памер складае звыш 72 тыс. кв.м. У плане яна мае прамавугольную форму, з трох бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, чацвёрты бок выходзіць да ракі Заходняя Дзвіна. Архітэктурнай дамінантай плошчы з'яўляецца мемарыяльны комплекс, размешчаны ніжэй агульнага ўзроўню плошчы. Да манумента спускаюцца 14 прыступак і пракладзена дарога паміж двума доўгімі басейнамі з фантанамі, якія сімвалізуюць журботныя слёзы па загінуўшых. З іх знешняга боку размешчаны па пяць прамавугольных пілонаў, на кожным з якіх пазначаны па адным годзе Вялікай Айчыннай вайны. Над ракой па цэнтральнай восі мемарыяла ўзвышаецца галоўны манумент у гонар воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія вызвалялі Віцебскую вобласць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сам манумент - гэта тры трапецападобныя пілоны-абеліскі, рэзка звужаныя ўверсе і аб'яднаныя на вышыні шасці метраў трохгранным маналітным фрызам, на гранях якога рэльефы "Воіны", "Партызаны", "Падпольшчыкі". У сярэдзіне пілоны-абеліскі злучаны кольцам. На ім зроблена надпіс "Слава героям". Унізе, на невысокім падыуме ў форме зоркі, гарыць Вечны агонь. Да Заходняй Дзвіны ад манумента спускаюцца тры лесвіцы. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці быў створаны ў 1974 годзе. У 2009 годзе пачалася маштабная рэканструкцыя ўсёй плошчы Перамогі. Работы па рамонце культурна-дзелавой часткі былі завершаны восенню. -0-