Рэната Літвінава ўсхваліла эксклюзіўную якасць працы полацкіх швачак
17 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэната Літвінава выказала захапленне майстэрствам полацкіх шваек - работніц акцыянернага таварыства "Мона". Ліст падзякі ад імя актрысы на адрас прадпрыемства даслала вядомая расійская кампанія "Мэлон Фэшн Груп", якая валодае гандлёвай маркай ZARINA, распавёў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Мона" Віктар Амельчанка.
Завочнае знаёмства шваек з вядомай актрысай і рэжысёрам адбылося ў Санкт-Пецярбургу на паказе яе калекцыі верхняга адзення, якую па замове "Мэлон Фэшн Груп" шылі полацкія майстрыхі. Якасць шыцця, па словах кіраўніцтва кампаніі, выклікала захапленне ў Рэнаты Літвінавай, і прама на подыуме ў прысутнасці "бамонда" яна выказала ўдзячнасць беларускаму прадпрыемству за "эксклюзіўную якасць".
Як адзначыў Віктар Амельчанка, такая рэклама для полацкага прадпрыемства не ў навіну. Расійскія і нямецкія кампаніі, якія працуюць у моднай індустрыі, даўно звярнулі ўвагу на "Мону". Каля 80% прадукцыі прадпрыемства вырабляе па замежных заказах. Расійскія модныя дамы шыюць касцюмы, пінжакі, плашчы, а нямецкія прыйшлі да высновы, што лепш за полачан ніхто не вырабляе сукенкі.
Працуючы на індустрыю прэт-а-партэ, "Мона" не забывае і пра простых спажыўцоў. Да летняга сезона прадпрыемства падрыхтавала новую калекцыю жаночага адзення з беларускага лёну. Яе запуск у вытворчасць пачнецца ў канцы сакавіка, а ў красавіку яна паступіць у гандлёвую сетку. Упершыню закупкі калекцыі правядуць індывідуальныя прадпрымальнікі з Масквы і Варонежа - дамоўленасць аб гэтым дасягнута пасля выставачнага паказу ў гэтых гарадах. Цікавасць да беларускай прадукцыі, па словах Віктара Амельчанкі, тлумачыцца як новым асартыментам, які штогод абнаўляецца на 90%, так і якасцю, якая дасягаецца за кошт укаранення высокатэхналагічнага абсталявання. Маштабнае тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства прайшло ў 2007-2008 гадах. У 2010 годзе працягнецца мадэрнізацыя абсталявання, на якую будзе накіравана Br300 млн.
ААТ "Мона" працуе на рынку больш за 60 гадоў, 93% акцый належыць дзяржаве. Па папярэдніх дадзеных, у першым квартале тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў супастаўных цэнах прагназуецца на ўзроўні не менш за 112% да аналагічнага перыяду мінулага года. Складскія запасы складаюць 38% ад месячнага аб'ёму вытворчасці, што значна менш за нарматывы.-0-