Вырашэнне праблем людзей павінна лягчы ў аснову раённых праграм развіцця ЖКГ, гандлю - А.Косінец
25 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вырашэнне праблем, якія хвалююць грамадзян, павінна ляжаць у аснове раённых праграм развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, сацыяльнай сферы. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама заявіў яго старшыня Аляксандр Косінец і прапанаваў кіраўнікам райвыканкамаў правесці "прамыя лініі" з грамадзянамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку губернатара, непасрэдны кантакт улады з насельніцтвам дае магчымасць расставіць прыярытэты, вызначыць "больныя кропкі" і тым самым вырашыць пытанні жыццезабеспячэння грамадзян, пазбегнуць скаргаў і зваротаў у вышэйстаячыя органы.
Практычна палова зваротаў грамадзян, якія паступілі ў аблвыканкам у 2009 годзе, утрымліваюць пытанні жыллёвых праваадносін, пры гэтым 62,8% з іх датычацца работы ЖКГ. У зваротах грамадзян востра ставяцца пытанні рамонту жылога фонду, водазабеспячэння, добраўпарадкавання, водаадвядзення. Часта людзі не задаволены якасцю работ і паслуг ЖКГ. Больш чым у паўтара раза ў 2009 годзе ў параўнанні з 2008-м узрасла колькасць зваротаў грамадзян у аблвыканкам, якія датычацца сферы гандлю і паслуг. У іх пераважаюць скаргі на арганізацыю гандлю на вёсцы, на факты несанкцыянаванага гандлю ў гарадах, парушэнне правоў спажыўцоў.
У 2009 годзе ў аблвыканкам паступіла 3,8 тыс. пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян, у тым ліку 701 зварот з вышэйстаячых дзяржаўных органаў, што склала 120% і 76% да ўзроўню папярэдняга года адпаведна. -0-