Рашэнні Усебеларускага народнага сходу дазволяць значна палепшыць якасць жыцця - Г.Васілевіч

10 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рашэнні IV Усебеларускага народнага сходу дазволяць значна палепшыць якасць жыцця насельніцтва краіны. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У Віцебску генпракурор прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Прававая культура як умовы фарміравання прававой дзяржавы", якая праходзіць у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Па словах генпракурора, да найважнейшых напрамкаў дзейнасці на бліжэйшую пяцігодку адносяцца пытанні абароны сям'і, мацярынства і дзяцінства, развіццё аховы здароўя і адукацыі, павышэнне рэальных даходаў насельніцтва і ў цэлым камфортнасці жыцця. "Менавіта на гэтыя складнікі, якія забяспечваюць задаволенасць грамадзян якасцю жыцця, развіццём сацыяльна-эканамічнай сферы, звярнуў увагу ў сваім выступленні на IV Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка", - падкрэсліў Рыгор Васілевіч. Для рэалізацыі пазначаных мэт неабходна адзінства ўсяго грамадства і ўпартая праца, тады і вынік будзе дасягнуты, упэўнены ён. Упэўненасці ў вырашэнні пастаўленых задач дадаюць і вынікі папярэдніх пяцігодак, у ходзе якіх выкананы ў асноўным усе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. "Беларусь як дзяржава развіваецца вельмі дынамічна, па большасці паказчыкаў апярэджваючы краіны-суседзі за кошт арганізаванасці, працавітасці і адказнасці беларусаў", - лічыць Рыгор Васілевіч. Па яго перакананні, гэтая адказнасць павінна быць узаемнай - і дзяржавы, і грамадзяніна. Дзяржаўная служба ў Беларусі ператвараецца ў службу, якая працуе на людзей і забяспечвае іх інтарэсы, дадаў ён.-0-