Рэспубліканская Універсіяда па лёгкай атлетыцы стартуе 14 мая ў Віцебску
13 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 300 спартсменаў збяруцца ў Віцебску на рэспубліканскую Універсіяду па лёгкай атлетыцы сярод вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, якая стартуе 14 мая на Цэнтральным спартыўным комплексе абласнога цэнтра. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы па Віцебскай вобласці Юрый Недасекаў.
На працягу трох дзён каманды з 23 ВНУ краіны будуць выяўляць пераможцаў па больш чым 23 відах праграмы. У Віцебск прыедуць наймацнейшыя на сённяшні дзень лёгкаатлеты, у тым ліку ўдзельнікі летняй Алімпіяды ў Пекіне 2009 года Марыя Смалячкова (кіданне молата) і Кацярына Паплаўская (скачкі ў даўжыню). Усяго ў складзе каманд на Універсіяду прыехалі 13 майстроў спорту міжнароднага класа і 65 майстроў спорту Беларусі. Па выніках віцебскіх стартаў будзе фарміравацца нацыянальная каманда для ўдзелу ў Сусветнай Універсіядзе, якая пройдзе летам гэтага года ў Бялградзе (Сербія).
Акрамя таго, упершыню на спаборніцтвах у Віцебску будзе праведзены антыдопінгавы кантроль лёгкаатлетаў, для чаго ў абласны цэнтр ужо прыбылі прадстаўнікі Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва.
Маючыя адбыцца старты знамянальныя і тым, што Віцебск не прымаў спаборніцтваў такога ўзроўню па лёгкай атлетыцы з 1986 года з-за адсутнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, сказаў Юрый Недасекаў. За апошнія гады на набыццё адпаведнага абсталявання і развіццё лёгкаатлетычнай інфраструктуры было накіравана больш за Br120 млн., што дазволіла "вярнуць "каралеву спорту" ў абласны цэнтр, дадаў ён.-0-