Рэспубліканскі конкурс эстраднай песні збярэ ў Наваполацку юных выканаўцаў з усёй Беларусі
Рэспубліканскі конкурс эстраднай песні збярэ ў Наваполацку юных выканаўцаў з усёй краіны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме. Творчае спаборніцтва ў трох узроставых катэгорыях пад назвай "Халі-хало" пройдзе 15-18 лістапада ў гарадскім палацы культуры. "У мінулым годзе ўдзельнікамі конкурсу былі прадстаўнікі Наваполацка, Полацка, Мінска, Вілейкі, Лепеля, Бабруйска, Гомеля, Магілёва, Барысава, Гродна, Баранавічаў, Адэсы. Гран-пры ўвёз дадому жыхар Магілёва Цімур Шушкоў. Конкурс сёлета пашырае сваю геаграфію.
У праграме возьмуць удзел таленавітыя дзеці з гарадоў Беларусі, а таксама гарадоў-пабрацімаў Наваполацка, Расіі", - адзначылі ў гарвыканкаме. Журы "Халі-хало-2012" узначаліць папулярны беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў. Характэрна, што яго першыя крокі ў творчасці звязаны і з наваполацкай сцэнай: у 1995 годзе 13-гадовая жыхарка Магілёва Наталля Падольская заняла на фестывалі 2-е месца, яе 15-гадовы сапернік Пётр Ялфімаў заваяваў Гран-пры. У розныя гады гасцямі і членамі журы конкурсу станавіліся таксама Іна Афанасьева і Ларыса Грыбалёва, саліст студыі "Сябры" Валерый Разанаў і саліст гурта "Элегант Кампані" Уладзімір Станкевіч (вядомы таксама па выкананні ролі Дзяніса Караблева), Кірыл Слука і дыджэй Джымі Нэльсан. На рахунку "Халі-хало" сем прыступак поспеху - 7 разоў у Наваполацку гучалі яго пазыўныя. Калі спачатку фестываль праводзіўся штогод, то ў 1998 годзе было прынята рашэнне збіраць яго раз на два гады. Пры гэтым з 2003 года было зацішша, і толькі ў 2011 годзе дзіцячыя галасы загучалі зноў. Вяртанне конкурсу не засталося незаўважаным Міністэрствам культуры, якое прыняло рашэнне аб прысваенні яму сёлета статусу рэспубліканскага мерапрыемства.
Конкурс праводзіцца з мэтай раскрыцця і падтрымкі таленавітых юных выканаўцаў, садзейнічання творчаму развіццю і выканальніцкаму майстэрству дзяцей і моладзі, папулярызацыі дзіцячай музычнай творчасці, выхавання мастацкага густу, адраджэння лепшых традыцый эстраднага жанру, пазіцыянавання дзіцячай вакальнай творчасці як неад'емнай часткі культуры Беларусі, абмену творчымі ідэямі і практычным вопытам.