Рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» ўжо адзінаццаты раз пройдзе ў Наваполацку 14-15 лістапада
Пытанні яго арганізацыі былі абмеркаваны на пасяджэнні аргкамітэта з удзелам намесніка міністра культуры Васіля Чэрніка.
Наваполацкі фестываль дзіцячай творчасці стаў выдатнай школай майстэрства для юных талентаў і тры гады таму атрымаў статус рэспубліканскага. Падтрымліваючы конкурс, Міністэрства культуры плануе вывесці яго на больш высокі ўзровень і зрабіць пляцоўкай для адбору таленавітых артыстаў, якія змогуць паспяхова ўдзельнічаць у іншых творчых праектах, у тым ліку міжнароднага маштабу. Рэжысёрска-пастановачную групу, лічыць міністр, варта фарміраваць з мясцовых спецыялістаў: гадаваць кадры, каб яны перадавалі вопыт наступным пакаленням. Тым больш што ў Наваполацку ў гэтым напрамку назапашаны велізарны вопыт, ёсць каманда сапраўдных энтузіястаў і прафесіяналаў. Сёлета яны абяцаюць прадэманстраваць новыя знаходкі.
У конкурсе будуць удзельнічаць юныя вакалісты ад 8 да 16 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Пераможцаў вызначаць у трох узроставых катэгорыях. У склад журы ўвойдуць вядомыя выканаўцы, педагогі і мастацтвазнаўцы ў галіне сучаснай эстраднай творчасці. Акрамя таго, упершыню плануецца арганізаваць працу дзіцячага незалежнага журы.
Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці».