Рэспубліканскі конкурс сярод будучых медсясцёр адкрываецца сёння ў Віцебску

27 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод будучых медсясцёр адкрываецца сёння ў Віцебску на базе дзяржаўнага медыцынскага вучылішча, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы адукацыі Аляксандр Цецоха. У конкурсе возьмуць удзел 56 прадстаўніц выпускных курсаў спецыяльнасці "сястрынская справа", якія прадстаўляюць 14 медыцынскіх каледжаў рэспублікі. Адстойваць гонар сваіх alma mater сабраліся лепшыя вучаніцы. Сваё права на гэта яны даказалі, перамогшы на папярэдніх этапах. Рэспубліканскі тур конкурсу праводзіцца ў тры этапы. Сёння ўдзельніцам трэба будзе даць пісьмовыя адказы на пытанні па педыятрыі, хірургіі і тэрапіі, а таксама прайсці тэст па сваіх прафесійных дысцыплінах. 28 мая ўсе атрыманыя за гады навучання веды ўдзельніцы прадэманструюць на практыцы. Заданні трэба будзе выканаць самыя разнастайныя: ад пяленання немаўлят і вакцынацыі да аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі. Пераможцы будуць вызначаны ў асабістым і камандным першынстве. Цырымонія ўзнагароджання і закрыццё конкурсу адбудуцца 29 мая.-0-