Рэспубліканскі аргкамітэт па святкаванні 1150-годдзя Полацка будзе створаны ў 2011 годзе
1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскі аргкамітэт па святкаванні 1150-годдзя Полацка будзе створаны ў 2011 годзе, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці. Яго лепшыя прадстаўнікі - асветнікі, вучоныя, пісьменнікі Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі - вядомы далёка за межамі роднай зямлі. Аднак феномен Полацка як гістарычнага, духоўнага, этнічнага, культурнага, гандлёва-эканамічнага рэгіёна не раскрыты цалкам", - сказаў губернатар. Сёння Полацк таксама адыгрывае прыкметную ролю ў эканоміцы і культуры як Віцебшчыны, так і Беларусі. Несумненна, ён заслугоўвае таго, каб святкаванне яго юбілею ў 2012 годзе было яркім, маштабным і запамінальным.
У 2011 годзе будзе створаны рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 1150-годдзя Полацка. У яго склад увойдуць прадстаўнікі міністэрстваў, мясцовых органаў улады. Праграма юбілейных мерапрыемстваў ужо рыхтуецца. Акрамя традыцыйных фестывалю сярэднявечнай культуры "Рубон", фестывалю опернага мастацтва ля сцен Сафійскага сабора, фестывалю камернай і арганнай музыкі "Званы Сафіі" запланаваны шоу на вадзе з выкарыстаннем цудоўнай панарамы Заходняй Дзвіны і Сафійскага сабора, тэатралізаваныя прадстаўленні, у тым ліку з гістарычнай рэканструкцыяй.
Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, 1150-годдзе Полацка - падзея не толькі абласнога, але і рэспубліканскага ўзроўню, таму кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ №647 аб зацвярджэнні Комплекснай праграмы развіцця Полацка на 2008-2012 гады. У ёй прадугледжана 37 мерапрыемстваў, на якія прадугледжваецца накіраваць Br191,93 млрд. Варта асабліва адзначыць, што гэтая праграма ўключае не толькі рэалізацыю новых нестандартных праектаў па развіцці турыстычнай інфраструктуры горада, адкрыццё новых музеяў і помнікаў, але і закранае пытанні развіцця гарадскіх ускраін, навядзенне парадку ў прыватным сектары, добраўпарадкаванне жылых мікрараёнаў, аб'ектаў сацыяльнай сферы.
За час рэалізацыі праграмы адкрыты інфармацыйна-культурны цэнтр Полацкай культурна-турыстычнай зоны, пачаў працу спартыўны комплекс адзінаборстваў "Алімпіец", адноўлены і адкрыты помнік Героям Айчыннай вайны 1812 года. "Многае ў рамках праграмы яшчэ трэба зрабіць. Яе выкананне стане лепшым падарункам для горада-юбіляра. Рэсурсы для гэтага ёсць", - заўважыў Аляксандр Косінец.-0-