Рэспубліканскі парафестываль інвалідаў па зроку пройдзе 27-29 мая ў Гарадоцкім раёне
26 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскі парафестываль песні і паэзіі пройдзе ў Гарадоцкім раёне 27-29 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ".
Удзельнікамі мерапрыемства стануць паэты, сольныя выканаўцы і калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі - усяго каля 250 чалавек. У сваім майстэрстве паэты і спевакі будуць спаборнічаць на працягу двух дзён. За гэты час журы трэба будзе вызначыць лепшых майстроў песеннага і паэтычнага жанру, інструментальны калектыў, выбраць пераможцу ў намінацыі "Лепшы аўтарскі твор", "Высокая сцэнічная культура" і іншых. Будзе названы ўладальнік прыза гледачовых сімпатый.
Сёлетні фестываль прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму пры выбары пераможцаў члены журы будуць таксама ўлічваць рэпертуар удзельнікаў. Акрамя заслужаных узнагарод усе лаўрэаты атрымаюць магчымасць яшчэ раз прадэманстраваць свае таленты і творчыя здольнасці ў гала-канцэрце, які адбудзецца ў заключны дзень форуму 29 мая.
Мерапрыемства заклікана садзейнічаць самарэалізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, з'яўляецца адным з эфектыўных метадаў рэабілітацыі і сацыялізацыі людзей гэтай катэгорыі.-0-