Рэспубліканскі заказнік «Жада» будзе створаны ў Міёрскім раёне

Республиканский заказник «Жада» будет создан в Миорском районе

У кастрычніку адбылося прысвечанае гэтаму пытанню пасяджэнне кіраўнікоў адпаведных раённых службаў, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі. Як было на ім адзначана, апошнія палявыя даследаванні пацвердзілі ўнікальнасць прыроднага комплексу, размешчанага на землях Мёршчыны. Так што прыйшоў час перагледзець яго статус, бо пакуль «Жада» — гідралагічны заказнік мясцовага значэння. Аднак вялікае верхавое балота адыгрывае важную ролю ў захаванні біяразнастайнасці. На дадзенай тэрыторыі зарэгістраваныя 348 відаў вышэйшых сасудзістых раслін (21% агульнай колькасці прадстаўнікоў беларускай флоры). Многія жывёлы і расліны, якія сустракаюцца там, занесены ў Чырвоную кнігу. Унікальнасць тутэйшых экасістэм і стала асновай для таго, каб «Жада» атрымала статус рэспубліканскага водна-балотнага заказніка.

Ён будзе ўключаць землі, зарэзерваваныя ў 2006 годзе. Пры гэтым не выключана выкарыстанне радовішча «Стрэчна» плошчай больш за 500 га для здабычы торфу. Яно знаходзіцца на тэрыторыі Язненскага лясніцтва і, на думку даследчыкаў, не мае вырашальнага значэння для захавання біялагічнай разнастайнасці. Ахоўных відаў раслін і жывёл там не выяўлена, затое маецца трохметровы пласт торфу, прыдатны пры выкананні пэўных умоў для далейшай распрацоўкі.

Лілія Іўчанка,,"Віцебскія весці"