Рэстаўрацыя фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку працягнецца яшчэ некалькі гадоў
25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэстаўрацыя фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку працягнецца яшчэ некалькі гадоў, паведаміў старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк на online канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"Над алтаром царквы работы ўжо праведзены. У правым і левым крыле - недзе на 50% усё зроблена. Трэба яшчэ працы, я думаю, на некалькі гадоў. Але ў гэтым ёсць свая прыемная асаблівасць. Калі турысты прыязджаюць, яны бачаць не проста гатовыя фрэскі, але і як ідзе праца над імі", - сказаў Аляксандр Пазняк.
Ён таксама нагадаў, што праца над фрэскамі вядзецца з 2008 года. "Праца вельмі карпатлівая. Тут нельга памыляцца, таму што вось гэта бясцэннасць можа ў выніку неасцярожнага руху проста знікнуць назаўжды", - распавёў ён.
Мэр Полацка дадаў, што філіял арганізацыі "Белрэстаўрацыя" з канца 2011 года праводзіць вышукальныя работы па рэканструкцыі самой царквы, а не толькі фрэсак. Работы, як чакаецца, будуць скончаны ў наступным годзе. "Думаю, што гэты комплексны падыход дазволіць потым усім атрымаць асалоду ад бясцэннага помніка гісторыі і культуры нашай краіны. Дарэчы, рэстаўрацыя фрэсак гэтай царквы ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму Беларусі на гэты год, а таксама ў комплексную праграму "Культура Беларусі", - адзначыў Аляксандр Пазняк.-0-