Рэстаўрацыю фрэсак у Полацку варта фінансаваць з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў - Мінкультуры
12 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міністэрства культуры Беларусі лічыць неабходным прыцягнуць да фінансавання работ па рэстаўрацыі фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку сродкі мясцовага бюджэту. Аб гэтым сёння на пасяджэнні калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама заявіў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На рэстаўрацыю ўнікальнага насценнага роспісу храма, пазнейшыя пласты якога датуюцца XII стагоддзем, у 2009 годзе было накіравана Br348 млн. У бягучым годзе з рэспубліканскага бюджэту будзе накіравана Br175 млн., паведаміў намеснік міністра. Улічваючы, што выкананне ўсяго аб'ёму работ ацэньваецца ў Br5 млрд., Міністэрства культуры прапануе весці сафінансаванне работ, прыцягваючы сродкі абласнога бюджэту.
Спаса-Праабражэнская царква па праву лічыцца жамчужынай усходнеславянскай культуры. Паводле падання, царква была пабудавана з благаславення Ефрасінні Полацкай - ігуменні Полацкага манастыра і, як мяркуюць эксперты, задум роспісу таксама належыць святой. Да ўдзелу ў рэстаўрацыйных работах запрошана рэстаўрацыйная група міжрэгіянальнага навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення пры Міністэрстве культуры Расіі пад кіраўніцтвам вядомага рэстаўратара Уладзіміра Сараб'янава.
Праект рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы прадугледжвае рэстаўрацыю захаваных і кансервацыю ўжо адкрытых фрэсак XII стагоддзя, а таксама аднаўленне алейнага жывапісу XIX стагоддзя для яго асобнага экспанавання.
У Спаса-Праабражэнскім храме амаль цалкам засталіся першапачатковыя роспісы XII стагоддзя - ад падлогі да самага купала. Раней у інтэрв'ю БЕЛТА Уладзімір Сараб'янаў распавёў, што з такім аб'ёмам старажытнага ўсходнеславянскага жывапісу да нашых дзён дайшлі толькі два помнікі - храм Міражскага манастыра ў Пскове і Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. -0-