Рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю адкрыты ў Воршы

Рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю адкрыўся сёння на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.

Стужку пераразаюць старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч

У святочнай цырымоніі прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, кіраўніцтва Аршанскага раёна, калектыў навучальнай установы, ганаровыя госці.

"Адкрываючы рэсурсныя цэнтры, мы пайшлі па шляху больш эфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Не ў кожнай навучальнай установе, якая рыхтуе прафесійныя кадры, сканцэнтравана такое абсталяванне", - падкрэсліў Ігар Карпенка. Па яго словах, такі падыход дазваляе разумна размяркоўваць фінансавыя рэсурсы і падтрымліваць дадзеныя цэнтры ў актуальным тэхнічным стане. Рэсурсныя цэнтры выкарыстоўваюцца як пляцоўкі для прафпадрыхтоўкі навучэнцаў, прафарыентацыі школьнікаў, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, а таксама для падрыхтоўкі канкурсантаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў WorldSkills.

Міністр звярнуў увагу, што рэсурсны цэнтр у Оршы арыентаваны перш за ўсё на падрыхтоўку рабочых кадраў, неабходных прамысловым комплексам дадзенага рэгіёна. Усяго ж зараз у Беларусі дзейнічаюць 48 рэсурсных цэнтраў, з іх 15 аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. У якасці прыкладу ён прывёў Мінскі рэсурсны цэнтр па аўтамабілебудаванні, дзе нядаўна сумесна з кітайскай кампаніяй быў абсталяваны кабінет па дызельных рухавіках стандарту Еўра-5 і Еўра-6, якія будуць вырабляцца ў "Вялікім камені". "Гэта значыць, прадпрыемства яшчэ рыхтуецца вырабляць такія маторы, а ў нас ужо ёсць абсталяванне, на якім можна вучыць моладзь для яго", - адзначыў міністр. Ён таксама дадаў, што патрэба ў рэсурсных цэнтрах у цяперашні час ужо збалансавана, у далейшым асноўныя намаганні будуць накіраваны на ўдасканаленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Па словах Мікалая Шарснёва, актыўная праца па развіцці сеткі рэсурсных цэнтраў вядзецца ў Віцебскай вобласці з мінулага года. У рэгіёне адкрыта пяць рэсурсных цэнтраў, сённяшні стаў шостым. "Для вытворцы самае галоўнае - атрымаць высокакласнага спецыяліста. Менавіта гэту мэту і закліканы вырашыць рэсурсны цэнтр, які мы сёння адкрываем", - падкрэсліў губернатар.

Комплекс рэсурснага цэнтра, аснашчаны сучасным вучэбным абсталяваннем, уключае механічныя майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў на малапамерных і прамысловых станках з праграмным кіраваннем, а таксама корпус, дзе размешчаны чатыры лабараторыі: электратэхнікі і асноў электронікі; гідрапрываду і гідрапнеўмааўтаматыкі; матэрыялазнаўства, тэхналогій і выпрабаванняў матэрыялаў; тэхналогій машынабудавання.

БЕЛТА.