Рэсурсны цэнтр у сферы машынабудавання плануюць адкрыць у Воршы да 1 верасня

Рэсурсны цэнтр у сферы машынабудавання плануюць адкрыць пры Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы да 1 верасня, паведаміў журналістам рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Рэсурсны цэнтр стане пляцоўкай для навучання спецыялістаў у рамках сеткавага ўзаемадзеяння з профільнымі навучальнымі установамі. Тут жа будуць праходзіць перанавучанне работнікі прадпрыемстваў. Падрыхтоўка да адкрыцця цэнтра на заключным этапе. "Плануецца да 1 верасня завяршыць гэту працу", - сказаў Валерый Галубоўскі. 

Па яго словах, аналіз падрыхтоўкі кадраў сведчыць, што трэба ўзмацняць менавіта гэты блок - навучанне станачнікаў, тых, хто працуе на абсталяванні машынабудаўнічага комплексу.

Пры ўстановах прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці цяпер дзейнічаюць чатыры рэсурсныя цэнтры: на базе Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа, Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа, Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа і Віцебскага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф.Шмырова.

БЕЛТА.