Ретроспектыва: арбітальны след на віцебскай зямлі. Як Пётр Клімук працаваў на «Маналіце»?
Пётр Клімук нарадзіўся 10 ліпеня 1942 года ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна. Дважды Герой Савецкага Саюза. Тры разы пабываў у космасе, першы – з 18 па 26 снежня 1973-га. Усяго на калязямной арбіце правёў амаль 79 сутак.
У Віцебску першага касманаўта-беларуса гараджане ўрачыста сустракалі 8 верасня 1978 года на плошчы Перамогі, дзе ён усклаў кветкі да Вечнага агню. Затым у абкаме КПБ Пятра Клімука віталі прадстаўнікі партыйнага, гаспадарчага і камсамольскага актыву. Таксама касманаўт наведаў шарсцяны камбінат, «Эвістар» і «Маналіт». На апошнім шматтысячным прадпрыемстве сустрэча была асабліва шчырай. Справа ў тым, што вясной 1975 года дзесяць рабочых участка па рамонце металарэжучага абсталявання 22-га цэха «Маналіта» ўключылі Пятра Клімука ў сваю брыгаду ў якасці ганаровага члена і вырашылі працаваць за 11 чалавек. Пра гэта яны напісалі ў газету «Віцебскі рабочы» і запрасілі касманаўта ў абласны цэнтр: «Будзем вітаць вас у нашым тысячагадовым горадзе». Ліст быў надрукаваны 1 мая 1975-га, а ўжо 24 мая Пётр Клімук разам з Віталем Севасцьянавым адправіўся на другую шматдзённую арбітальную вахту. Падчас гэтага палёту на «Маналіт» прыйшла тэлеграма ад касманаўта, у якой ён выказаў падзяку рабочым і пажадаў усяго найлепшага.
Падчас наведвання 22-га цэха члены брыгады паказалі госцю яго працоўнае месца і паведамілі, што на асабістым рахунку каля 7 тыс. руб., пералічаных у Фонд міру. У Кнізе народнай славы прадпрыемства Пётр Клімук пакінуў запіс: «Дарагія сябры! Я адчуваю пачуцці радасці і неймаверна вялікай адказнасці за ўключэнне мяне ў брыгаду рамонтнікаў. Мне вельмі было б прыемна працаваць разам з маімі сябрамі – членамі брыгады. Аднак знаходжуся я далёка ад вас, і цяпер перада мной іншая праца. Але я абяцаю на сваім месцы працаваць так, каб не падвесці аб'яднанне «Маналіт».
Пасля Віцебска 9 верасня Пётр Клімук наведаў Наваполацк, дзе яму прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна горада. Побываў на «Паліміры» і будаўнічай пляцоўцы завода бялкова-вітамінных канцэнтратаў. На ажыўленай сустрэчы з прадстаўнікамі юнага пакалення касманаўта прынялі ў ганаровыя піянеры. У Наваполацку чытачам абласной газеты Пётр Клімук пакінуў аўтограф з пажаданнямі па-беларуску: «Чытачам «Віцебскага рабочага», усім працоўным слаўнай Віцебшчыны жадаю ў год 60-годдзя БССР і КПБ вялікіх поспехаў».
На наступны дзень Пятра Клімука чакаў Навалукомль – самы малады горад рэспублікі. Касманаўт азнаёміўся з флагманам беларускай энергетыкі – Лукомльскай ГРЭС і на памяць аб сваім візіце пасадзіў дубок каля Палаца культуры энергетыкаў.
Савецкі Калумб
Так называлі Юрыя Гагарына. Як толькі стала вядома, што савецкі грамадзянін першым у свеце пабываў у космасе, у СМІ пасыпаліся водгукі.
«Якое мужнасць трэба мець, каб адправіцца ў касмічнае падарожжа, нават калі ведаеш, што прадугледжана ўсё да найменшых дробязяў», – пісаў у «Віцебскі рабочы» прадстаўнік завода ім. Кірава. З калгаса імя Леніна Лёзненскага раёна паведамлялі: як толькі па тэлевізары ў 12.00 пачалі перадаваць навіну, кантора запоўнілася людзьмі, усе хацелі паглядзець на партрэт касманаўта. Дарэчы, здымак Юрыя Гагарына газета надрукавала ў наступным нумары – яго зрабіў з экрана тэлевізара фотакарэспандэнт М. Сівакоў.
Сам першапраходзец космасу з-за занятасці не змог прыехаць у Віцебск, але 22 – 23 мая 1962-га горад наведалі яго бацькі – Аляксей Іванавіч і Ганна Цімафееўна Гагарыны. Яны прыехалі на запрашэнне свайго сябра Канстанціна Іванавіча Гаравца, бацькі легендарнага лётчыка часоў вайны Аляксандра Гараўца. Госці пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, наведалі сярэднія школы №№2 і 15 (цяпер гімназія №1), піянерскія дружыны якіх насілі імёны адпаведна Юрыя Гагарына і Аляксандра Гараўца. Бацькам першага касманаўта планеты спадабалася новая забудова вул. Кірава, яны таксама палюбаваліся панарамай горада з Успенскай горкі.
Напярэдадні 45-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі рэдакцыя газеты атрымала пісьмо ад Юрыя Гагарына з віншаваннямі працаўнікоў Віцебска: «Дарагія таварышы! Дзякую вам за запрашэнне наведаць ваш слаўны горад Віцебск. Ваша апошняе пісьмо і фотаздымкі мне Леанід Іванавіч (На жаль, прозвішча невядомае. – Заўв. аўт.) перадаў. Шчыра дзякую за ўвагу, якую вы праяўляеце да мяне, маіх родных і маіх сяброў – савецкіх касманаўтаў.
Віншую вас з надыходзячай 45-й гадавінай Вялікага Кастрычніка. Жадаю ўсім віцяблянам вялікіх поспехаў у іх жыцці і працы.
Шчыра паважаючы вас, Гагарын. 30.10.62.»
Голас «Чайкі»
У маі 1970-га Віцебск наведала першая жанчына-касманаўт Валянціна Нікалаева-Церашкова, якая мела падчас палёту пазыўны «Чайка». Яна прыбыла напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет СССР як член Цэнтральнай выбарчай камісіі.
– Мне прыемна пабываць у вашым горадзе. Віцебшчына – радзіма маёй мамы, так што мы свае, – цытавала касманаўта абласная газета.
Бацька Валянціны Церашковай Уладзімір Аксенавіч быў родам з Белыніцкага раёна Магілёўскай вобласці, загінуў у савецка-фінскай вайне. Маці Алена Фёдараўна (дзявочае прозвішча Круглова) нарадзілася ў вёсцы Ерамееўшчына Дубровенскага раёна. Сям'я жыла ў Яраслаўскай вобласці, дзе ў 1937 годзе з'явілася на свет будучы касманаўт.
Валянціна Церашкова наведала акруговую камісію, два выбарчыя ўчасткі ў клубе ветінстытута. У кнізе ганаровых гасцей музея Міная Шмылёва пакінула запіс: «З вялікім хваляваннем азнаёмілася з мемарыяльным музеем Міная Філіпавіча Шмылёва. Выказваю шчырую падзяку за захаванне памяці і ўнікальных дакументаў аб слаўным подзвігу беларускага народа. Няхай жыве ў стагоддзях памяць аб героях беларускага народа».
У тыя дні Валянціне Церашковай было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Віцебска», праз два гады яе імем назвалі новую вуліцу абласнога цэнтра.
Зорныя браты
Другі раз Пётр Клімук прыехаў у Віцебск у ліпені 1988-га разам з Міраславам Гермашэўскім. З лёгкай рукі журналістаў іх называлі зорнымі братамі, таму што яны прадстаўлялі два блізкія народы – беларускі і польскі. Візіт касманаўтаў быў прымеркаваны да І Усесаюзнага фестывалю польскай песні.
У межах свята ў скверы завода ім. Камінтэрна, што прылягае да вул. Будзённага, адкрываўся памятны знак польска-савецкай дружбы, прысвечаны 10-годдзю сумеснaга палёту Пятра Клімука і Міраслава Гермашэўскага. Ад імя гараджан гасцей прывітаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Фядорчак.
Так атрымалася, што Васіль Рапецкі асвятляў гэту падзею. У заметцы пад фотаздымкам, апублікаваным у абласной газеце, ён пісаў, што многім удалося атрымаць аўтографы касманаўтаў. А тым, у каго не атрымалася, засмучацца не варта. Аўтографы Пятра Клімука і Міраслава Гермашэўскага адлітыя ў бронзе на гранітным пастаменце і цяпер навечна застануцца ў Віцебску.
Аднак у канцы 1990-х вандалы сарвалі металічныя элементы на пастаменце. У 2013-м памятны знак быў абноўлены.
