Рэтраспектыўная выстава ў Віцебску прысвечана тэме малой радзімы
29 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тэме малой радзімы прысвечана выстаўка "У пошуках Атлантыды. Рэтраспектыва", якая адкрылася сёння ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры.
У экспазіцыі сабрана каля 50 лепшых жывапісных твораў, створаных мінскімі, полацкімі і віцебскімі мастакамі за апошнія пяць гадоў на пленэрах падчас праекта "У пошуках Атлантыды". Яго ініцыятарамі з'яўляюцца полацкая паэтэса Лера Сом і мастачка Кацярына Мяснікова. Разам з зацікаўленымі жывапісцамі, мастацтвазнаўцамі, краязнаўцамі, літаратарамі яны штогод выязджаюць у цікавыя з гістарычнага пункту гледжання населеныя пункты, а таксама глухія вёсачкі сваёй малой радзімы. У працах адлюстравана ўбачанае мастакамі: старыя дамы, старадаўнія касцёлы і царквы, закінутыя могілкі, напаўразбураныя маёнткі, якія калісьці бліскалі сваёй прыгажосцю і багаццем.
Усе гэтыя аб'екты, што перамяжоўваюцца маляўнічымі краявідамі прыроды, пакідаюць тонкае ўражанне страты, няўстойлівасці быцця. Пераходзячы ад адной працы да іншай, гледач ловіць сябе на думцы пошуку, разам з аўтарамі несвядома шукаючы страчаную беларускую Атлантыду.-0-