Рэзідэнт з літоўскім капіталам зарэгістраваны ў СЭЗ "Віцебск"
ТАА "ВМГ ВудАрт" стала першым рэзідэнтам у СЭЗ "Віцебск" з літоўскім капіталам. Кампанія ўваходзіць у склад міжнароднага холдынгу "ВМГ" з цэнтральным офісам у Клайпедзе, які аб'ядноўвае некалькі прадпрыемстваў у Літве, Беларусі, Украіне і з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў мэблі, пліт ДСП у краінах Балтыі. Праект прадугледжвае стварэнне лесапільнай вытворчасці, фабрык па выпуску дрэўна-стружкавых пліт, мэблі і будзе рэалізаваны ў два этапы.
Першапачаткова ў перыяд да 2023 года прадугледжваецца інвеставаць у развіццё вытворчай дзейнасці больш за 50 млн еўра, стварыць каля 200 працоўных месцаў. Агульны аб'ём перапрацоўкі драўніны на прадпрыемствах холдынгу складзе каля 700 тыс. куб.м у год. Усяго будзе створана не менш за 500 працоўных месцаў.
Пляцоўка пад вытворчыя магутнасці выбрана ў сектары №1 "Журжава" на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома на ўскраіне абласнога цэнтра. Цяпер вядзецца праца па выдзяленні і адводзе зямельнага ўчастка пад праектаванне.
Рашэнне аб рэалізацыі інвестыцыйна ёмістага праекта ў Віцебскай вобласці літоўскі партнёр прыняў пасля працяглага вывучэння магчымасцей і ўмоў для арганізацыі бізнесу ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У выніку пасля наведвання СЭЗ "Віцебск" і перамоваў з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама інвестар канчаткова вызначыўся з месцам размяшчэння вытворчасцей на тэрыторыі аднаго з сектараў СЭЗ.
Дагавор аб рэалізацыі праекта па стварэнні дрэваапрацоўчага комплексу падпісалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў і член назіральнага савета кампаніі "ВМГ Холдынгс Лімітэд" Эгідзіус Моцкус на XIV Беларуска-літоўскім эканамічным форуме ў чэрвені 2018 года ў Віцебску.
БЕЛТА. Фота СЭЗ "Віцебск".