Рэзідэнтам СЭЗ "Віцебск" неабходна павышаць свой тэхнічны патэнцыял - эксперт
17 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэзідэнтам СЭЗ "Віцебск" неабходна павышаць свой тэхнічны патэнцыял. Такое меркаванне выказаў сёння намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны на брыфінгу, прысвечаным вынікам знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскай вобласці за 2010 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Канстанціна Чорнага, за мінулы год доля экспартных паставак арганізацый СЭЗ "Віцебск" у агульным аб'ёме экспарту Віцебскай вобласці склала крыху больш за 8%, у той час як раней яна дасягала 60%-50%. "Нізкі вынік працы рэзідэнтаў сведчыць перш за ўсё аб неадпаведнасці іх тэхнічнага ўзроўню патрабаванням сённяшняга дня і зноў паказвае, што на адных льготах і прэферэнцыях эфектыўна працаваць, асабліва на знешнім рынку, не атрымаецца", - канстатаваў ён.
Намеснік старшыні камітэта таксама акцэнтаваў увагу на важнасці своечасовага правядзення мадэрнізацыі. "Няма ніякай гарантыі, што заўтра аналагічнае прадпрыемства больш высокага ўзроўню і з больш канкурэнтаздольнай прадукцыяй не з'явіцца ў рэгіёне, які вас цікавіць, і не зойме гэту нішу. Бізнес ёсць бізнес", - падкрэсліў ён.
Касаючыся працы ведамасных і пазаведамасных прадпрыемстваў, Канстанцін Чорны адзначыў неабходнасць павышэння глыбіні перапрацоўкі сыравіны. "Так, з-за высокай канкурэнцыі гатовую прадукцыю прадаць складаней, аднак яе кошт будзе ў разы вышэйшы за сыравіну або паўфабрыкат і, адпаведна, прынясе больш прыбытку, - падкрэсліў ён. - Важным фактарам у працы прадпрыемстваў з'яўляецца таксама іх гнуткасць, мабільнасць, уменне хутка рэагаваць на запыты рынку".
На тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" зарэгістравана 37 рэзідэнтаў, з якіх толькі 27 пастаўляюць прадукцыю на знешні рынак. У валавым аб'ёме пераважаюць харчовая, ветэрынарная і лёгкая прамысловасць.-0-