Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у І паўгоддзі павялічылі экспарт больш чым на чвэрць

Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у студзені-чэрвені 2017 года экспартавалі прадукцыі на $182 млн, што больш чым на 25% перавышае аналагічны паказчык за 6 месяцаў 2016 года, паведаміў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ Сяргей Юркевіч.

За гэты перыяд прадпрыемствы-рэзідэнты вырабілі прадукцыі на суму каля Br306 млн. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці перавысіла 70%. Пастаўкі ажыццяляліся на рынкі 10 дзяржаў СНД і 28 краін далёкага замежжа. Для развіцця і тэхнічнага пераўзбраення вытворчасці кампаніі прыцягнулі $14 млн, у тым ліку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове больш за $5 млн. Створана 145 новых працоўных месцаў. Адным са знакавых інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных у 2017 годзе, стаў завод па выпуску гандлёвага абсталявання ТАА "Мадэрн-экспа" аднайменнага міжнароднага холдынгу. Афіцыйнае адкрыццё першага пускавога комплексу адбылося ў маі. Заснавальнікі з Нідэрландаў, Польшчы і Беларусі інвеставалі ў стварэнне і развіццё прадпрыемства больш за $11 млн.

"Праект значна павялічыць экспартны патэнцыял Віцебскай вобласці і дазволіць мясцовым прадпрыемствам наладзіць кааперацыю з міжнароднай холдынгавай кампаніяй", – адзначыў Сяргей Юркевіч.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў 1999 годзе, займае плошчу звыш 2,4 тыс. га і складаецца з 13 сектараў, у тым ліку сем – у Віцебску, чатыры – у Аршанскім, а таксама па адным у Віцебскім і Пастаўскім раёнах. Дзейнасць у якасці рэзідэнтаў СЭЗ вядуць 37 прадпрыемстваў з капіталам з 12 краін у такіх сферах, як машынабудаванне, электроніка, ветэрынарыя, хімічная, паліўная, харчовая, лёгкая прамысловасць і іншыя. Агульная колькасць працаўнікоў складае амаль 10,8 тыс.

БЕЛТА.