Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у студзені-красавіку павялічылі аб'ём прыцягнутых інвестыцый у паўтара раза да $11,1 млн.

31 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у студзені-красавіку прыцягнулі замежных інвестыцый на суму каля $11,1 млн, што амаль на 50% больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў адміністрацыі СЭЗ. У структуры інвестыцый больш за 90% прыпадае на прамыя замежныя інвестыцыі, асноўную долю якіх (каля 90%) склала рэінвесціраванне прыбытку замежных інвестараў у развіццё дзейных вытворчасцей. Па выніках знешнегандлёвай дзейнасці СЭЗ "Віцебск" за студзень-красавік сфарміравана станоўчае сальда ў памеры больш за $2 млн. Так, прадпрыемствы-рэзідэнты экспартавалі тавараў на суму $39 млн, што на 40,7% перавышае даныя за аналагічны перыяд мінулага года. Больш за 90% экспарту прыпадае на краіны СНД, у тым ліку Расію, Украіну, Казахстан, Малдову. Аб'ём імпарту склаў $36,9 млн, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года склаўся на ўзроўні 107,7%. Прадпрыемствы-рэзідэнты ў студзені-красавіку павялічылі выпуск прадукцыі ў супастаўных цэнах на 3,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усяго выпушчана прадукцыі на суму больш Br200 млрд, пры гэтым асноўная доля прыпадае на прадукцыю машынабудавання і металаапрацоўкі (57,4% ад агульнага аб'ёму выпуску), а таксама лёгкай прамысловасці (27,6%). Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) склала Br241,2 млрд. За студзень-красавік рэзідэнтамі СЭЗ выкарыстана Br27,1 млрд інвестыцый, з якіх больш за 85% накіравана ў асноўны капітал. З улікам асваення сродкаў рэспубліканскага бюджэту на развіццё інфраструктуры СЭЗ "Віцебск" агульны аб'ём укладзеных інвестыцый у асноўны капітал па СЭЗ склаў Br23,9 млрд. Прадпрыемствамі-рэзідэнтамі дадаткова створана 165 рабочых месцаў. Па даных на 1 мая агульная колькасць рабочых месцаў у СЭЗ склала звыш 8,5 тыс. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ дзейнічае 33 рэзідэнты, з якіх больш за 60% сумесныя і замежныя прадпрыемствы. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.