Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" за дзесяць гадоў інвесціравалі ў рэалізацыю праектаў больш за 100 млн. долараў.

15 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" за дзесяцігоддзе існавання СЭЗ інвеставалі ў рэалізацыю праектаў больш за $100 млн., стварыўшы пры гэтым звыш 8 тыс. працоўных месцаў. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік аддзела інвестыцый і знешнеэканамічнай дзейнасці адміністрацыі СЭЗ Алег Кандратовіч на выстаўцы прадукцыі рэзідэнтаў, якая праходзіць сёння ў Віцебску ў рамках восеньскага бізнес-форуму і прысвечана 10-годдзю стварэння СЭЗ.

 У СЭЗ ажыццяўляюць дзейнасць 34 рэзідэнты з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады і шэрагу іншых краін. Толькі ў 2008-2009 гадах у СЭЗ зарэгістравана 7 новых прадпрыемстваў з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый звыш $40 млн. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання і металаапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. У 2008 годзе рэзідэнтамі выпушчана прадукцыі на суму больш Br500 млрд., што складае 121% да ўзроўню 2007 года. У мінулым годзе на экспарт накіравана прадукцыі і паслуг на суму амаль $150 млн., або больш за 70% ад агульнага аб'ёму вырабленага. Сума выплачаных падаткаў і збораў за 2008 год перавысіла Br75 млн.

Адміністрацыя СЭЗ значна пашырыла геаграфію пошуку патэнцыйных партнёраў, сёння дасягнуты пэўныя вынікі ў перамоўным працэсе з прадстаўнікамі дзелавых колаў Кітая, Індыі, Японіі, Венесуэлы, ААЭ, Ірана, Рэспублікі Карэя. Акрамя таго, падвышаную цікавасць да інвестыцыйнага патэнцыялу СЭЗ праяўляюць расійскія і заходнееўрапейскія бізнесмены. Пры гэтым кіраўніцтва віцебскай СЭЗ актыўна ўзаемадзейнічае з пасольствамі Беларусі за мяжой, дыпламатычным корпусам замежных дзяржаў у Беларусі, дадаў Алег Кандратовіч.

Усяго на выставе, што разгарнулася ў Лядовым палацы спорту, прадстаўлена прадукцыя больш чым 20 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ. У межах выставы арганізавана канферэнцыя, на якой пройдзе прэзентацыя інвестыцыйных вынікаў дзесяцігадовай дзейнасці Віцебскай СЭЗ, а таксама перспектыўных напрамкаў і праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі. Адміністрацыя СЭЗ азнаёміць дзейных і патэнцыйных інвестараў з развіццём тэрытарыяльнага патэнцыялу і інфраструктуры зоны, а заснавальнікі прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ падзеляцца вопытам рэалізацыі праектаў ва ўмовах свабоднай эканамічнай зоны. Для патэнцыйных інвестараў будзе арганізавана наведванне як прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, так і перспектыўных прамысловых пляцовак, якія ўваходзяць у СЭЗ і гатовыя да інвестыцыйнага асваення.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.-0-