Рэзалюцыя Еўрапарламента ў дачыненні да Беларусі з'яўляецца аднабаковай, тэндэнцыйнай і недальнабачнай - МЗС
11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынятая ўчора рэзалюцыя Еўрапарламента ў дачыненні да Беларусі з'яўляецца аднабаковай, тэндэнцыйнай і недальнабачнай. Аб гэтым гаворыцца ў каментарыі прэс-службы МЗС Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
"Калі Еўрапарламент хацеў унесці канструктыўны ўклад у пошук шляхоў вырашэння ўзніклых паміж суседзямі рознагалоссяў, то выбраныя ім сродкі відавочна няўдалыя ні па змесце, ні па часе", - заяўляюць у прэс-службе МЗС.
У каментары гаворыцца: "Па-першае, рэзалюцыя не мае нічога агульнага з рэальнай карцінай у галіне становішча нацыянальных меншасцей у Беларусі. Гэта пацвердзяць і беларускія грамадзяне, у тым ліку тыя, што маюць польскія карані. Гэта відавочна і любому неангажаванаму замежнаму назіральніку. Па-другое, прыняцце рэзалюцыі адбываецца ў момант актывізацыі дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай па асобных адчувальных пытаннях беларуска-польскіх адносін. Што гэта: "мядзведжая паслуга" ці спроба сарваць гэты дыялог тымі сіламі, якія ў ім, здаецца, не зацікаўлены?"
"У Беларусі, са свайго боку, таксама маецца нямала занепакоенасцей, а гэта і забарона на ўезд у Польшчу і адпаведна Шэнгенскую зону шэрагу беларускіх грамадзян польскага паходжання, і дзеянні польскага боку па выдачы "карты паляка", аднак мы спрабуем абмяркоўваць іх напрамую з Польшчай, не ўблытваючы ў гэтыя дыскусіі міжнародныя структуры", - адзначаецца ў каментары. Па-трэцяе, дзейнічаючы падобнымі метадамі на тонкім лёдзе міжнацыянальных адносін, Еўрапарламент рызыкуе адкрыць "скрыню Пандоры" з непрадказальнымі наступствамі як унутры, так і за межамі Еўрапейскага саюза.
"На будучыню, хацелася б, каб такая салідная арганізацыя, як Еўрапарламент, займала больш узважаную і адказную пазіцыю, тым больш у сферы нацменшасцей, і не паддавалася на дробныя інтрыгі асобных паднавучаных ад палітыкі", - гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Беларусі.-0-