Вынікі археалагічных даследаванняў сезона будуць прадстаўлены на канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці".

20 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вынікі прайшоўшага археалагічнага сезона будуць прадстаўлены на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці", якая пройдзе ў Віцебску 22-23 кастрычніка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў. У ходзе мерапрыемства плануецца абмеркаваць новыя вынікі археалагічных даследаванняў, прысвечаных сацыяльна-палітычнаму і культурнаму развіццю гарадоў Віцебшчыны за перыяд з X да пачатку XX стагоддзяў, праблемы развіцця краязнаўства і фарміравання музейных калекцый, якія адлюстроўваюць культуру гарадоў рэгіёна. Упершыню навуковай грамадскасці будзе прадстаўлена ўнікальная археалагічная знаходка - надмагільны камень з курганавага пахавання, выяўлены вучонымі летам бягучага года ў Друцку (Талачынскі раён). Аўтары археалагічнай сенсацыі правядуць гісторыка-культурны аналіз Друцкага кургана, а таксама раскажуць пра апошнія вынікі даследавання і праведзеныя экспертызы прадметаў з кургана. Акрамя таго, шэраг дакладаў будзе прысвечаны гісторыка-археалагічным даследаванням Полацка, Браслава, Віцебска і шэрагу іншых старажытных гарадоў і паселішчаў рэгіёна. Усяго вынікі ўласных даследаванняў прадставяць у Віцебску каля 40 вучоных, археолагаў і музейных работнікаў з навуковых, музейных устаноў і вышэйшых навучальных устаноў краіны. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца ўвод у навуковы абарот вынікаў даследчай работы айчынных археолагаў і гісторыкаў, абмеркаванне і абмен данымі па апошніх адкрыццях. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў. Канферэнцыя будзе прысвечана 50-годдзю знаходкі першай у Беларусі берасцяной граматы. Унікальны дакумент быў выяўлены 20 жніўня 1959 года пры разборы Мікалаеўскага сабора на месцы сучаснай плошчы Свабоды абласнога цэнтра. "Для нашай краіны гэта знамянальная падзея, таму мы вырашылі прысвяціць навуковы форум археолагаў і гісторыкаў менавіта гэтаму гістарычнаму факту", - падкрэсліў Валерый Шышанаў. Акрамя таго, у гэтым годзе споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння вядомага краязнаўца Антона Брадоўскага, які адыграў у свой час важную ролю ў станаўленні музейнай справы ў Віцебску. Яго прыватная калекцыя складае сёння вялікую і значную частку калекцыі абласнога краязнаўчага музея. Частка дакладаў на канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці" будзе прысвечана біяграфіі, навуковай дзейнасці гэтага неардынарнага чалавека. Таксама ў дні працы канферэнцыі ў краязнаўчым музеі адкрыюцца дзве выстаўкі, аснову экспазіцыі якіх складуць прадметы з калекцыі Антона Брадоўскага, а таксама прадметы, выпадкова выяўленыя жыхарамі Віцебскай вобласці і перададзеныя на захоўванне ў музейныя ўстановы. Арганізатарам канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці" выступае абласны краязнаўчы музей.-0-