Шэраг аб'ектаў Віцебскай вобласці ўвайшоў у склад Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2016 год

Праграма зацверджана указам Прэзідэнта краіны ў канцы студзеня. 


Як паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Ісачанка, дакументам прадугледжана выдзяленне сродкаў дзяржаўнага бюджэту на будаўніцтва інтэрната №7 на 500 месцаў для студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта у суме 10 млрд рублёў, адміністрацыйнага будынка ўпраўлення КДБ у абласным цэнтры, транспартнай і інжынернай інфраструктуры ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск», аўтамабільных дарог «Паўночна-заходні абход Віцебска» (210 млрд 500млн) і «Паўднёва-заходні абход Віцебска» (больш за 22,6 млрд руб). Дапаможа рэспубліка у узвядзенні завода белай бляхі у Мёрскім раёне, у тым ліку запланаваны сродкі на правядзенне па-за пляцоўкай сетак электразабеспячэння, газаправодных камунікацый. Дарэчы, на гэты аб'ект прадугледжаны таксама фінансы з абласной казны.


– Агульнымі намаганнямі будзе ўзведзены і фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва» ва Ушачах: па дзяржпраграме на гэты аб'ект будзе выдзелена 20,5 млрд рублёў, плануецца таксама 2 млрд з абласнога бюджэту і 20 млрд з мясцовага, – адзначыў ІгарУладзіміравіч. – Акрамя таго, у Год культуры будуць прафінансаваны рэканструкцыя і рэстаўрацыя найважнейшых помнікаў архітэктуры і духоўнасці: Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку і Свята-Пакроўскага жаночага манастыра у Талачыне.


Усяго ж на фінансаванне 99 аб'ектаў па ўсёй краіне, уключаных у дзяржпраграму, прадугледжваецца накіраваць больш за 4,5 трлн рублёў. Гэта сродкі дзяржаўных капітальных укладанняў, рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі, рэспубліканскага дарожнага фонду, на захаванне і пашырэнне сельскагаспадарчых земляў (аб'екты меліярацыі), сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.


 

Вольга Маслоўская. Фота Антона Сцепанішчава з архіва рэдакцыі «Віцебскія весці».