Радзіма "Славянскага базару" прэзентуе фестываль "Віцебск - феерыя лёну"

2 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Радзіма міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прэзентуе новы фестываль - "Віцебск - феерыя лёну", расказала карэспандэнту БЕЛТА ініцыятар праекта, дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай асацыяцыі "Горад Віцебск і Кампанія" Таццяна Лапіна. Новы фестываль будзе прысвечаны лёну і ўсяму, што з ім звязана: ад гісторыі ткацтва да высокай моды. Яго прэм'ера намечана на 2010 год. Галоўнай мэтай льняной феерыі стане прасоўванне на рынак вырабаў з блакітнага шоўку айчынных вытворцаў і прыцягненне замежных турыстаў. Арганізацыя льняных шоп-тураў для еўрапейскіх пакупнікоў таксама з'яўляецца адной з прыярытэтных задач новага фестывалю, дадала Таццяна Лапіна. Арганізатарамі праекта выступяць Аршанскі льнокамбінат, прадпрыемствы лёгкай прамысловасці і гандлю Віцебскай вобласці, установы культуры. Прэзентацыя льнянога фестывалю запланавана на 11 ліпеня бягучага года, каб як мага больш гасцей "Славянскага базару" даведаліся пра новы праект і праз год прыехалі б у Віцебск на "Феерыю лёну". У прадстаўленні праекта возьмуць удзел Аршанскі льнокамбінат, швейнае прадпрыемства "Віцебчанка", Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Усе жадаючыя змогуць убачыць і набыць ільняныя вырабы як прамысловай вытворчасці, так і эксклюзіўныя аўтарскія мадэлі.-0-