Бацькоўскі ўніверсітэт – такую новую форму працы з праблемнымі сем'ямі ўкаранілі ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна.
Адгэтуль дарослых будуць вучыць правільна выхоўваць дзяцей, а таксама аб'ектыўна ацэньваць свае ўзаемаадносіны з імі. У мінулую пятніцу на базе ТЦСАН прайшло першае заняцце бацькоўскага ўніверсітэта пад назвай «Шчасце вашага дзіцяці – сямейнае дабрабыт».
Як распавяла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Таццяна Шульга, рыхтавацца да гэтага пачалі яшчэ ў мінулым годзе. Супрацоўнікі цэнтра наведвалі сем'і з нізкім выхаваўчым патэнцыялам, давалі парады, як стварыць неабходныя бытавыя ўмовы для дзіцяці, лепш абсталяваць яго працоўнае месца, арганізаваць занятасць у вольны час. А заадно дарослым паведамлялі пра тое, што ў 2013-м іх чакаюць у незвычайным універсітэце, дзе нікога не будуць адчытваць і караць дрэннымі адзнакамі, а будуць толькі вучыць і дапамагаць.
На першым занятку запрошаныя атрымалі нямала карыснай інфармацыі і адказалі на пытанні тэсту «Якія вы бацькі?». Гэта прымусіла іх задумацца пра тое, як складаюцца ўзаемаадносіны з дзецьмі. Затым прысутныя абмеркавалі 10 запаведзяў для бацькоў. У далейшым плануецца не толькі арганізоўваць заняткі ў саміх Міёрах, але і праводзіць выязныя пасяджэнні ў сельскай мясцовасці, дзе праблемных сем'яў таксама хапае.