Родная вёска дзеда Віктара Януковіча ў Докшыцкім раёне можа стаць аграсядзібай "Янукі"
6 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Докшыцкі райвыканкам распрацаваў праграму адраджэння і развіцця вёскі Янукі - радзімы дзеда прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама Міхаіл Маркавец.
Сёння ў вёсцы Янукі, якая знаходзіцца за 45 км ад райцэнтра Докшыцы, пражываюць тры чалавекі. Аднак вёска не застаецца без увагі мясцовых улад: рамантуецца дарога, прыводзяцца ў парадак наваколлі, прыязджае аўталаўка. Распрацаваная праграма накіравана на захаванне населенага пункта і стварэнне аграсядзібы "Янукі". Праектам прадугледжана будаўніцтва домікаў для адпачынку, міні-кафэ, добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны сажалкі, яе зарыбленне, стварэнне дарожнай інфраструктуры. Прадугледжваецца таксама закладка саду і стварэнне цэха па перапрацоўцы пладова-ягадных культур. Па словах Міхаіла Маркаўца, да рэалізацыі гэтай праграмы раённыя ўлады спадзяюцца прыцягнуць інвестараў, прычым не толькі айчынных, але і замежных.
Кіраўнік украінскай дзяржавы Віктар Януковіч двойчы бываў у Януках - у 2003 і 2006 гадах, наведваў мясцовыя могілкі, дзе спачываюць яго продкі. Дзед украінскага прэзідэнта нарадзіўся і вырас у Януках, а за некалькі гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі перабраўся на Данбас. -0-