Паходжаннем з дзяцінства і Наваполацка
«Халі-Хало» адкрыў новыя «зорачкі» і прадставіў публіцы яркія прэм'еры.
Нагадаем, наваполацкі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні, які нарадзіўся яшчэ 18 гадоў таму, сёлета атрымаў статус рэспубліканскага. І на гэты раз «Халі-Хало» апраўдаў усе чаканні.
Больш за 40 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі і горада-пабраціма Одинцова (Расія) сабраліся на сцэне мясцовага Палаца культуры, каб праверыць свае творчыя сілы. У выніку ўладальніцай Гран-пры стала Валерыя Грыбусава з Магілёва. Дзяўчынцы з моцным і заварожлівым голасам судзейская калегія прарочыць лёс перспектыўнай спявачкі. Дарэчы, магілёўскую школу ў юныя гады прайшлі ўжо адбыўшыяся артысты – Пётр Ялфімаў і Наталля Падольская, якія калісьці таксама дэбютавалі на наваполацкай пляцоўцы. У сваю чаргу нашы землякі апынуліся на другіх пазіцыях: у малодшай узроставай катэгорыі віцяблянін Аляксандр Міненок атрымаў «серабро», Яна Барынава з Лепеля і Ганна Мураўёва з Полацка падзялілі трэцяе месца. Таксама замкнула тройку лідараў, але ўжо сярод удзельнікаў сярэдняга ўзросту, Паліна Верыга, якая прадставіла Шаркаўшчыну.
У той жа час «Халі-Хало» – гэта не толькі спаборніцтва юных талентаў. Гэта яшчэ і свята дзяцінства, весялосці, любімых песень, знаёмых кожнаму з малых гадоў. Але сёлета першай са сцэны прагучала песня, прысвечаная непасрэдна конкурсу. Выканалі яе салісты студыі «On Line» Палаца культуры ААТ «Нафтан». Падрыхтаваў сваю прэм'еру і старшыня журы Пётр Ялфімаў. У межах фестывалю ён выступіў з сольным канцэртам, на якім прадставіў публіцы новы альбом «Кніга адкрыццяў». Акрамя таго, сёлета артыст дэбютаваў і ў якасці музычнага кіраўніка праекта «Халі-Хало», хоць ужо даўно з'яўляецца ганаровым госцем гэтага творчага марафону.