Сваякі польскіх грамадзян, якія загінулі ў катастрофе пад Смаленскам, накіраваліся праз Віцебск да месца крушэння самалёта

10 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэлегацыя сваякоў польскіх грамадзян, якія загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам у красавіку бягучага года, прайшла праз Віцебск у Смаленскую вобласць да месца крушэння самалёта. Два авіялайнеры са смуткуючымі сваякамі сёння рана раніцай прыняў аэрапорт Віцебск, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як паведаміў журналістам Часовы павераны ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Вітольд Юраш, сёння спаўняецца паўгода з дня трагедыі 10 красавіка, якая забрала жыцці прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, яго жонкі і іншых высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў. Ушанаваць іх памяць прыляцелі сваякі і жонка цяперашняга прэзідэнта Ганна Камароўская. З Віцебска дэлегацыя адправілася пад Катынь, дзе пройдуць жалобныя цырымоніі, будуць ускладзены вянкі і запалены свечкі. Дыпламат выказаў глыбокую ўдзячнасць кіраўніцтву Беларусі за аказаную дапамогу ў прыёме польскіх грамадзян. "З боку беларускіх уладаў нам зноў аказана паўсюдная дапамога - ад пратакольнай да тэхнічнай. Прадастаўлены транспарт, забяспечана суправаджэнне дэлегацыі, максімальна спрошчаны мытныя і памежныя працэдуры", - сказаў Вітольд Юраш. Сёння ж увечары дэлегацыя мае намер вярнуцца ў Польшчу, зноў скарыстаўшыся паслугамі аэрапорта Віцебск. -0-