Роля ветэранаў у грамадскім жыцці з гадамі толькі ўзрастае - мэр Віцебска

5 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі сёння ў Віцебскім гарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Героямі святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню Перамогі, сталі каля 40 чалавек. Гэта ўдзельнікі баявых дзеянняў розных франтоў, партызаны, работнікі медсанбатаў, працаўнікі тылу, былыя малалетнія вязні канцлагераў. Віншуючы ветэранаў са святам, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін адзначыў значнасць укладу кожнага з іх у справу Вялікай Перамогі. "Не менш значная і ваша роля ў грамадскім жыцці сёння. Толькі ветэраны як непасрэдныя сведкі мінулай вайны могуць сёння расказаць моладзі праўду пра гады ваеннага ліхалецця і тую непамерную цану, якую давялося заплаціць беларусам за мірнае неба над галавой. Таму так важна, каб, нягледзячы на ўзрост, вы працягвалі гэту важную справу", - падкрэсліў мэр горада. Адзначаючы поспехі развіцця абласнога цэнтра за апошнія гады, Віктар Нікалайкін акцэнтаваў увагу на мадэрнізацыі і рэканструкцыі, якая праводзіцца цяпер ва многіх установах аховы здароўя горада. У бягучым годзе на гэтыя мэты ўжо накіравана больш за Br20 млрд. Так, поўным ходам вядзецца работа па рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Новы аблік у бліжэйшы час набываюць бальніцы па вул.Камуністычнай і М.Горкага, дзіцячая паліклініка па вул.Чкалава. Новыя шматпрофільныя медцэнтры з'явяцца ў мікрараёнах Юг-7 і Білева-2. Працягнецца абнаўленне і іншых устаноў аховы здароўя Віцебска. Святочныя мерапрыемствы ў гонар 9 мая, якія стартавалі сёння ў абласным цэнтры, працягнуцца вялікім вечаровым канцэртам у Летнім амфітэатры.-0-