"Расатам" будзе шліфаваць уранавае паліва на станках віцебскага "Вістана"

"Росатом" будет шлифовать урановое топливо на станках витебского "Вистана"
Ключавую ролю тут адыграла якасць нашых станкоў, бо яны павінны кантактаваць з радыеактыўным рэчывам, і любая паломка чвараная наступствамі, таму нашы машыны працуюць як швейцарскія гадзіннікі. Да таго ж цана віцебскіх станкоў значна ніжэйшая.

Дырэктара Віцебскага станкабудаўнічага завода Валерыя Коршака складана заспець у кабінеце — такая вытворчая неабходнасць. Таму амаль уся наша гутарка прайшла ў цэхах завода.

— Заадно паглядзіце на станкі для шліфоўкі ўранавага паліва, — заўважае Валерый Іванавіч. — Наш завод нядаўна выйграў буйны кантракт карпарацыі "Росатам" на пастаўку чатырох такіх машын. Апошнюю плануем дарабіць у наступным месяцы.

В.Коршак дэманструе станок, тлумачыць прынцыпы працы, паказвае нават маленькія металічныя цыліндрыкі, якія імітуюць ядзернае паліва (уран).

— Атрадна, што расійскі заказчык аддаў перавагу "Вістану" перад французскімі станкабудаўнікамі, — працягвае дырэктар завода. — А ключавую ролю тут адыграла якасць нашых станкоў, бо яны павінны кантактаваць з радыеактыўным рэчывам, і любая паломка чвараная наступствамі, таму нашы машыны працуюць як швейцарскія гадзіннікі. Да таго ж цана віцебскіх станкоў значна ніжэйшая.

Рабочых у цэху шмат, цешыць, што нямала моладзі.

— Большасць хлопцаў — выпускнікі віцебскіх і полацкіх вышэйшых і сярэдніх устаноў адукацыі, — тлумачыць Валерый Іванавіч. — Шмат хто застаецца пасля размеркавання, але, зразумела, недахоп у кадрах ёсць. Цешыць, што хлопцы таленавітыя. Вось, напрыклад, Сяргей Кавалёў, слесар механазборачных работ, — проста знаходка для завода. Сабраць які-небудзь вузел ці станок для чалавека, які ўмее чытаць чарцёж, — справа нескладаная, а каб дамагчыся дакладнасці (кожны станок павінен вырабляць дэталі з пэўнай дакладнасцю), патрабуецца вопыт. Сяргей Кавалёў нямала здзівіў і майстроў, і мяне ў першыя ж дні працы, сабраўшы вузел без недахопаў. Праўда, сам ён чалавек маўклівы, сціплы.

Дарэчы, на "Вістане" захавалі сістэму настаўніцтва. Тут беражліва ставяцца да славы прадпрыемства. У 1931 годзе, калі перад краінай востра паўстала пытанне аб стварэнні свайго станкабудавання, як адно з найбольш тэхнічна аснашчаных, што мае кваліфікаваныя кадры, яно было перададзена ў падпарадкаванне Народнага камісарыята станкабудаўнічай прамысловасці СССР. Першыя станкі былі сабраны ў пачатку 1932 года.

— Чаго хаваць: эканамічныя ўмовы цяпер няпростыя, — працягвае Валерый Іванавіч ужо ў кабінеце, — але "Вістан" працуе стабільна і, што галоўнае, прыбыткова: рэнтабельнасць за 8 месяцаў гэтага года склала 13,7 працэнта. Асноўны ўпор робім на экспарт: пастаўляем станкі ў Расію, Украіну, Казахстан, Узбекістан. Тэмпы росту экспарту да мінулага года — 132,6 працэнта за 8 месяцаў. Дарэчы, нядаўна мы паставілі такарна-шрубарэзны станок і на Астравецкую АЭС. Там быў вельмі вялікі пакет дакументаў, давялося самім займацца перавозкай, разгрузкай і мантажом абсталявання.

У межах рэспубліканскай праграмы па мадэрнізацыі на прадпрыемстве рэалізуюцца два праекты інавацыйнага развіцця: пашыраюць наменклатуру зубаапрацоўчых станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і вырабляюць каробкі перадач для Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Своечасова праводзіцца тут і тэхнічнае пераўзбраенне.

Працуюць на "Вістане" не толькі ў вектары прадукцыі для прамысловасці. Запатрабаваны, акрамя станкоў, і тыя ж каробкі перадач, выконваюцца розныя заказы для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Вядомае віцебскае прадпрыемства, якое вядзе сваю гісторыю з 1914 года, працягвае летапіс працоўных спраў.

Дзмітрый Конахаў, Віцьбічы